Па сьлядах разьбітых жыцьцяў

Тэрыторыя былога Менскага гета — яшчэ адно месца, дзе застаўся крык і боль людзей, якіх нішчылі, бо людзьмі не ўважалі. На помніку “Разьбітае агнішча” ў Габрэйскім мэмарыяльным парку ёсьць надпіс, што забівалі нацысты і іх памагатыя. Добра, што не забыліся дадаць пра памагатых, бо і гэтую старонку нашае гісторыі маем усьвядоміць, не ўсе разумеюць нават, што яна была. Так, беларусы ратавалі габрэяў — такіх гісторый было шмат; так, масава не ішлі на службу да акупантаў, але ня менш за 20 тысяч чалавек тое зрабілі. Клубкі чорных перажываньняў гэтых улоўленых нацызмам у свае сеткі людзей захрасьлі на месцах іх злачынстваў, дагэтуль імкнуцца засьціць Сьвятло, сілкуючыся ўсімі мажлівымі нядобрымі перажываньнямі сучасьнікаў і страхам колішніх ахвяраў.

І няварта думаць, што тут ідзецца толькі пра тых прыхільнікаў нацызму, што стаялі з ружжамі над ямай і стралялі ў людзей. Не, ў гэтым шэрагу і тыя, што “проста” ахоўвалі вязьняў, каб яны ня ўніклі сьмерці. І тыя, што ў душы ўхвалялі такое чыненьне, хаця самі ў паліцэйскіх батальёнах не былі. І тыя, што ў рэдакцыях газэт і часопісаў шрайбонілі шавіністычныя артыкулы і “вершы”, прыкрываючыся працаю нібыта на карысьць нацыянальнае культуры, мовы. Дзіўна, але усьведамленьне запраўднае ролі такіх дзяячоў, асабліва апошніх, з рэдакцыяў, цяпер некаторым не пад сілу — іх гатовыя называць пакутнікамі, ахвярамі ашуканства падступных немцаў… Адно ж далучэньнем да цёмных мэтадаў нельга было дасягнуць сьветлых мэтаў, зло нараджала толькі зло, праўды нельга было дасягнуць няпраўдаю. Вось і ўсё. Астатнія размовы тут — дарэмнае скалынаньне паветра.

Мабыць, у Беларусі звыклі, што ў нас многа гавораць пра тую вайну, таму некаторыя перасталі на тэму сур’ёзна зважаць, успрымаюць яе як штодзённы фон; мабыць, для некага гэта ўжо сівая даўніна, хаця было ўсё ня так і даўно. Але ж наведайце месцы лягераў, гета, спаленых вёсак — і паспрабуйце ўявіць, што перажывалі там закатаваныя людзі ў апошнія хвіліны свайго жыцьця. Знойдзеце такіх месцаў процьму — аж там, дзе жывяце, бо ў нас яны на кажным кроку. А калі ўсьвядоміце ўвесь той жах, празь які людзі прайшлі, ці не захочацца вам зрабіць хоць нешта, каб такога больш ня сталася? Тады, далучыўшыся да промняў Сьвятла, што для ўсіх літасьціва бруіцца з Вышынь, дашліце там праменьчыкі дабрыні з сваіх сэрцаў — і ахвярам, і ка́там (і з ружжамі, і з друкаркамі), якія адумаліся і хочуць выправіцца; і сучасным няверным Тамашам, якія бяздумна, закрыўшы вушы, вочы і сэрцы, падтрымваюць рэваншыскія памкненьні нацызму, нянавісьці, цемры дзеля распачынаньня новых і новых войнаў па ўсім сьвеце. Няхай пазнаюць Праўду.