Пастка нянавісьці

Другая сусьветная вайна. У Беларусі, як і ў іншых краях, пралезьлі атрутныя парасткі найвялікшае нянавісьці, якая толькі існавала на сьвеце, — нацызму. Ідэалёгіі, згодна зь якою можна было зьнішчаць людзей паводле расы, нацыянальнасьці, недасканалага здароўя… Але, як і ўсё цёмнае, нацызм хітра хаваў сваё запраўднае аблічча, завабліваў беларусаў народнымі строямі, песьнямі і танцамі; газэтамі і часопісамі на роднай мове, клопатам пра асьвету, стварэньнем — некалі, можа, — нацыянальнае дзяржавы. А тое, што ў вайну тутэйшыя прыхільнікі нацызму былі на службе ў акупантаў, — гэта, маўляў, было часова, бо як перамаглі б яны разам бальшавізм, зло, большае за нацызм, на іх думку, тады і зазьзяла б сонца ў беларускім ваконцы.

Служылі акупантам вонкава па-рознаму: хто з зброяй, а хто зь пяром у руках — адныя ахоўвалі канцэнтрацыйныя лягеры, гета, бралі ўдзел у карных апэрацыях, то бо ўціскалі і забівалі сваіх землякоў фізічна, а другія, сеючы нянавісьць словам, імкнуліся зьнішчыць людзкае ў іх розумах і душах — напаўнялі падакупацыйныя выданьні аповедамі пра тое, як беларусы пад фашыстамі нібыта цудоўна жывуць і разьвіваюць сваё, нацыянальнае, а зажывуць, маўляў, яшчэ лепш, калі ня будзе побач габрэяў, палякаў, расійцаў.

Гэта значыць, што сваё нацыянальнае стаўлялі вышэй за чужое нацыянальнае, сваё, паводле нацыстаў, мела права разьвівацца і квітнець, а чужое такога права ня мела — аж да гэткае меры, што “ворагаў” можна было зьнішчаць. У самым пачатку гэтае чаргі былі габрэі, бо нямецкія нацысты мелі ўжо гатовыя пляны, практыкі, як зь імі канчаткова разьбірацца: абрабаваць, сагнаць у гета, патруціць газам ці пастраляць, спаліць, а попелам пасыпаць градкі (як гэта было, напрыклад, з рознымі ахвярамі Трасьцянецкага лягеру), каб лепш расла капуста якая ці морква для харчаваньня акупантаў.

Гінулі ў лягерах і беларусы за супор акупацыі, масава гінулі і проста ў родных вёсках, якія карнікі нярэдка спальвалі разам з насельнікамі. А ўспомніце Азарычы, куды нацысты перад адступленьнем сагналі з суседніх абласьцей Беларусі і Расіі 50 тысяч “бескарысных дармаедаў”, то бо жанок, дзяцей, старых, хворых, у тым ліку на тыф, і кінулі на голай зямлі і пад вольным небам, але за дратамі, бязь ежы і вады, паміж балот — на шляху Чырвонай арміі, каб эпідэміяю запаволіць наступленьне. Успомніце так званыя дзіцячыя вёскі, фактычна лягеры, дзе ў дзяцей векам да 14 гадоў бралі кроў для нямецкіх жаўнераў і дзе фразаю “поўны донар” прыкрывалі забойства дзіцяці. А 350 пацыентаў псыхіятрычнай лякарні ў Навінках зьнішчылі як “няздатных” на асабісты загад Гімлера, які заехаўся ў Менск з інспэкцыяй у 1941 годзе.

Мабыць, нехта спытаецца, пры чым да ўсіх гэтых жахаў было разьвіцьцё пры акупантах нацыянальнае культуры — маўляў, нацызм як зло асобна, а культура як дабро асобна. Дык вось — дабру нельга было спрыяць, чынячы зло, бараніць праўду нельга было няпраўдаю. Гэтая думка такая простая, што праз тое некаторыя людзі, звыклыя да складаных і крывых шляхоў, ня здольныя паверыць у яе і пачынаюць мудраваць з апраўданьнем прыхільнікаў нацыстаў. Усе ж ведаюць, што бруднымі рукамі нічога няможна пачысьціць — можна толькі запэцкаць. Так скрозь і ўсюды — так і ў памянёных выпадках, бо ахвяры нямецкіх нацыстаў, іх тутэйшых і нетутэйшых памагатых пацешыцца з таго “дабра”, “разьвіцьця” ўжо не маглі, але яны маглі б застацца ў жыцьці, маглі б самі несьці дабро ў сьвет, калі б не пралезьлі ў нас тыя атрутныя нацыскія парасткі. Увогуле сытуацыя ў Беларусі тады магла б быць іншаю, хоць трохі лацьвейшаю для люду, калі б не пабеглі некаторыя асобы (ня сьцяміўшы, што і яны самі з усім народам, пра які нібыта дбаюць, і з усімі славянамі — таксама ў сьпісе нямецкіх нацыстаў на вынішчэньне) аздабляць партрэты Гітлера вышыванымі ручнікамі і ўзмацняць тым і ўсім іншым сваім чыненьнем вялікае зло, якое ў выглядзе сусьветнае вайны абрынулася і на наш народ таксама.

Тут ізноў нехта мог бы запярэчыць — ну, якое ўжо цяпер з нацызму вялікае зло, мабыць толькі там-сям кволыя яго фрагмэнцікі, бо быў жа трыбунал у Нюрнбэргу, ідэалёгію засудзілі. Засудзілі, але сама яна ад гэтага ўраз ня зьнікла, прыхільнікі яе заставаліся, дзеялі і пад новымі маскамі. Ведама, гаворка не пра тых, хто, мабыць, адмовіўся ад сваіх поглядаў, раскаяўся, нават і публічна тое зрабіў, калі раней сваімі ўчынкамі, думкамі, тым, да чаго імкнуўся сваім нутром, уплываў на многіх людзей. Але, на жаль, так адбылося ані не з усімі — некаторыя потым жылі, бы нічога ня сталася, як, напрыклад, адзін з арганізатараў лягеру ў Азарычах, які нават даслужыўся да генэрала бундэсвэру.

Часы цемры, якой спрыяў нацызм, мінаюць, але ён з сваіх палеткаў яшчэ мае ўмалоты, бо яго могуць сілкаваць асобы, якія ня надта ўглядаюцца, каго слухаюць, што чытаюць, што пяяюць, таму не усьведамляюць, і якімі жахлівымі ніцямі, што цягнуцца зь мінулага, сябе аблытваюць. Цемра ж, як і раней, зводзіць людзей і нацыянальнаю тэмаю (зьвяртаньне народаў да якое цалкам нармальнае, як робяць яны тое з чыстымі сэрцамі), і “малітвамі” да Бога (зь пералікам патрабаваньняў да Яго — дай сёе, зрабі тое, пакуль яны самі будуць корпацца ў штодзённасьці, не імкнучыся нават зірнуць з пакораю ў вышыні). Фактычным ухваленьнем колішняе калябарацыі нацыянальных дзяячоў з нацыстамі сучасьнікі цяпер самі, сьледам за імі, жывяць цёмную хмару нянавісьці, а хмара тая, узмоцненая роднаснымі выпарэньнямі з розных куточкаў сьвету, можа потым абрынуцца жудаснаю бураю хоць дзе на сьвеце — гэтаксама і проста на галовы ўхвалянтаў. Такі кругазварот зла. Адно ж можам мець сілу далучыцца да кругазвароту дабра і любові. Было б уласнае, сьведамае жаданьне адважна зірнуць праўдзе ў вочы, адкінуўшы ўсе шаблёны, чужыя меркаваньні, і ўсьвядоміць, у якую пастку цемры самі трапілі праз сваю няпільнасьць, і з тае пасткі вызваліцца.

P. S. Мэмарыял на месцы лягеру сьмерці “Трасьцянец” мае скульптуру “Вароты памяці”, яны прачыненыя, а вязьні з надзеяю стаяць каля іх. Няхай усе такія вароты адчыняцца для ўсіх увязьненых за імі даўней жахлівымі катаваньнямі і сьмерцямі душ — дзеля падарожжа іх у сьветлыя высі; і зачыняцца для ўсякае цемры, у якіх бы харошых строях яна ў тыя вароты ні грукатала, навек зьнікаючы зь Зямлі.