Ярмо сваяцтва

Ёсьць тысячы спосабаў, як сваякі прывязваюцца адзін да аднаго. Ня толькі блізкія, такія як бацькі, браты і сёстры, але і даволі далёкія, такія як розныя кузэны і кузіны з «трэцяга калена». Найчасьцейшыя формы ўтварэньня гэткіх прывязваньняў — вясельлі, хрэсьбіны і пахаваньні. Тады склікаецца разнастайная блізкая і далёкая радня, толькі б паказаць сілу і адзінства сям’і.

Так ад калыскі аж да труны перад вачыма чалавека кажную хвіліну дэманструюцца путы сямейнага зьвязу. Узьнікае адчуваньне пыхі праз тое, зь якое моцнае сям’і вы паходзіце, пыхі праз тое, хто там які выдатны чалавек. Уся сям’я пышыцца посьпехамі некаторых сямейнікаў, і ўсе як адзін абмаўляюць адступнікаў, альбо паганых авечак сям’і. Нікога не цікавіць, ці ня ёсьць тыя адступнікі, альбо паганыя авечкі, выпадкова найлепшымі авечкамі сям’і.

Яны дазволілі сабе мець уласнае меркаваньне, якое ня ў згодзе зь меркаваньнямі астатніх, і таму зганеныя. А калі сямейнік выпадкова нейкі забойца альбо іншы злачынца, ён, звычайна, толькі мыляўся. У часе яго зьняволяньня ўспамінаюць, хто яго наведваў і як яму, небараку, цяжка. Па вяртаньні ён вітаны цэнтар увагі і робіцца героем.

Той, хто дазваляе сабе мець уласнае меркаваньне, прынамсі дзівак, аднак найчасьцей ён той, на каго век гневаюцца; той, пра каго будуць разважаць доўгія гады і на каго можна сапхнуць усё дрэннае. У вачох сям’і такі чалавек — носьбіт усіх дрэнных якасьцяў, што маюць астатнія, бо той, хто сквапны, бачыць у ім сквапнага альбо марнатраўца, а той, хто зайздросьціць, бачыць у ім зайздросьніка.

Паводле грубарэчыўных законаў, аднак, сям’я мусіць сустракацца і з так званымі адступнікамі, і найчасьцей, калі дзеляць спадчыну. Паводле Закону прыцягненьня аднароднага яны напярод асьцерагаюцца такое сустрэчы, бо сквапны баіцца таго, што іншы захоча, а зайздросьнік баіцца, што іншы будзе зайздросьціць таму, што ён мае ўспадкаваць.

Адступнік робіць нечаканае, адмаўляецца ад дзедзіны. Гэта найгоршая падзея для ўсяе сям’і! Калі ён адмаўляецца на карысьць аднаго, усе астатнія клянуць адступніка, аж трава вяне. Як гэта, што ён не аддаў ім! Той, хто мае ад гэтага карысьць, кляне яго таксама — ён жа дадаў яму гэтулькі клопатаў з новаю маёмасьцю, зь якое сам, натуральна, цешыцца.

Здаецца вам гэта недарэчным? Самая недарэчная падзея настае тады, калі адступнік адмаўляецца ад маёмасьці на карысьць усіх, каб яны падзялілі, як самі захочуць. У гэты момант яго клянуць, каб ён праваліўся на дно пекла, бо дадаў усім новага клопату, новую сэрыю спрэчак за маёмасьць. Моцная і адзіная сям’я аж да хвіліны канчальнага падзелу спадчыны, да сьмерці абражаная і разгневаная.

Калі адступнік настойвае на сваёй долі, адразу яднае абражаную сям’ю: «Паводле якога права ён нешта жадае?!»

Найідэальнейшы разьвязак бывае тады, калі адступнік пакідае сваю долю астатнім за сымбалічную плату. Сям’я не спрачаецца, як маёмасьць падзяліць, спрачаецца толькі пра тое, хто ўкладзе найменшую суму ў агульную выплату. Пасьля цяжкае псыхалягічнае вайны за нованабытую маёмасьць яны, хутчэй, падбадзёрваюць сябе: хто б усё-такі не хацеў нечага, што каштавала так мала.

Даходзіць да цікавага павароту. Адступнік робіцца найсьвятлейшаю душою сям’і: «Ён жа ня сквапны, ані нам не зайздросьціць! Як мы ў ім мыляліся!» Усе астатнія — страшна сквапныя, не хацелі ўкласьці большую суму, ніж іншыя, нягледзячы на тое, маюць яны большую альбо меншую долю.

Ідылія, аднак, трывае толькі да найбліжэйшага запрашэньня ў госьці, на сьвята ці на іншую сямейную падзею. Калі запрошаны зь нейкае прычыны не бярэ ўдзелу, нават калі б быў сьмяротна хворы, ён ізноў робіцца адступнікам.


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.