Шляхі людзкіх духаў у пазьнейшым стварэньні

Новая школа

Сілься спасьцігнуць тое, што мае быць…

1. Шляхі людзкіх духаў у пазьнейшым стварэньні

Мільёны людзкіх духаў ёсьць адразу ў пазьнейшым стварэньні. Дванаццаць кален, інакш кажучы, дванаццаць кастаў альбо дванаццаць рас. У кажным калене сто дваццаць мільёнаў духаў. Шмат у пазамагільным сьвеце, мала на Зямлі. Як хвалі мора яны прыходзяць і зыходзяць у калазвароце прыліву і адліву. Па тысячагодзьдзях тыя самыя, а ўсё ж заўжды іншыя. Дванаццаць кален азначаюць дванаццаць кастаў. Кажны дух праходзіць праз усе.

Першае калена — калена дзіцячых духаў. На пачатку ў ім іскрынкі, якія спазнаюць, дзе яны.

Другое калена — калена маладосьці, дзе духі спазнаюць, хто яны.

Трэцяе калена — калена высьпяваньня, дзе духі спазнаюць, кім яны ёсьць.

Чацьвёртае калена — калена высьпелых учынкаў, дзе духі спазнаюць, адкуль яны.

Пятае калена — калена сталасьці, дзе духі спазнаюць, чые яны.

Шостае калена — калена вяртаньня, дзе духі спазнаюць, з кім яны.

Наступныя шэсьць кален — гэта шэсьць кален сьвятарства, дзе духі вучаць тых, хто ў папярэдніх каленах. Такім парадкам, у сёмым калене вучаць тых, хто ў першым калене спазнае, дзе яны; у восьмым калене вучаць тых, хто ў другім калене спазнае, хто яны; у дзявятым калене вучаць тых, хто ў трэцім калене спазнае, кім яны ёсьць; у дзясятым калене вучаць тых, хто ў чацьвёртым калене спазнае, адкуль яны; і ў вадзінаццатым калене вучаць тых, хто ў пятым калене спазнае, чые яны.

Дванаццатае калена — калена найвышэйшае, дзе ня вучаць тых, хто ў шостым калене спазнае, з кім яны, але самі спазнаюць на гэтай ступені шлях куды.

Дванаццаць кален заўжды адначасна ў пазьнейшым стварэньні, і так цэлае стварэньне хвалюецца і тчэ. Адны вучаць другіх, тыя другія спазнаюць, а першыя стала ідуць наперад. Як ува ўсім, і тут дзейны строгі Закон — Закон прыцягненьня аднароднага. І як хвалі на моры зьяўляюцца ў пэўны час тыя самыя духі на Зямлі.

Па мільёнах гадоў духі прыходзілі і зыходзілі, каб ізноў з тымі самымі духамі вярнуцца. Шмат ніцей злучаюць усіх духаў на Зямлі і так ствараюць тканіну, што хвалюецца, як цудоўны дыван, і злучае альбо падзяляе духаў. Здаўна тыя самыя духі вучылі, тыя самыя духі вялі, тыя самыя духі памагалі.

Дрэнны сёньняшні час, вельмі дрэнны, бо людзі парушылі гармонію стварэньня і на Зямлю прыйшло шмат тых, хто сюды не належыць. Яны ня цёмныя ці злыя, але зь іншага калена пазьнейшага стварэньня.

Дванаццаць кален — гэта шэсьць пар, шэсьць хваляў, у якіх духі мелі прыходзіць на Зямлю. Па першым і сёмым каленах прыходзяць другое і восьмае, потым прыцягваюцца трэцяе і дзявятае — і так гэта ідзе далей да шостага і дванаццатага, каб у Законе зваротнага дзеяньня зноў прыйшлі першае і сёмае.

Сёньня, аднак, на Зямлі адразу ўсе дванаццаць кален, і таму ўзьнікаюць канфлікты і перашкоды, бо адно аднаго не разумее.

Пераломныя зьмены адбываліся на Зямлі ў эпохі, калі зьмяняліся пары кален. У забытыя часы Атлянтыды гэта было будаваньне новых храмаў. Са стаўпамі новых храмаў людзі прымалі Слова пазнаньня праз пакліканых да гэтага.

Эпохі ў пазьнейшым стварэньні знаёмыя як духоўныя вякі. Дванаццаць разоў на дванаццаць вякоў трывае пазьнейшае стварэньне для разьвіцьця духаў. Настае апошні век, век Вадаліва, пераломная эпоха. Век, калі на Зямлі мелі быць толькі духі шостага і дванаццатага кален. Шмат тых, якія ў час разьвіцьця пазьнейшага стварэньня спазналі, дзе яны; менш тых, якія спазналі, хто яны; і найменш тых, якія спазналі, адкуль яны. З наступных кален людзей няма.

Дванаццаць кален — гэта дванаццаць ступеней, дванаццаць частак стварэньня. Дванаццаць ступеней ад нясьведамага да найвышэйшай сьведамасьці. Тыя, што былі адразу сьведамымі, памагалі з больш высокіх кален тым, што як нясьведамыя імкнуліся падняцца па тых ступенях угору.

Але ж бяда табе, чалавеча, бяда! Свавольна ўмяшаўся ты ў тканіну стварэньня і парушыў паток узыходжаньня. Толькі тыя, што мільёны гадоў таму спазналі, дзе яны, хто яны, кім яны ёсьць, адкуль яны, чые яны і з кім яны, толькі тыя прасунуліся ў больш высокае калена і сьмеюць вучыць іншых. Астатнія сваім розумам адсунулі тое пазнаньне на другі плян і так заняпалі.

Вяртаньне дамоў, аднак, мажлівае толькі для сьведамых, то бо тых, якія хаця б зь сёмага калена. Здаўна прыходзіла помач адразу сьведамых зь сёмага да адзінаццатага калена альбо прадухоўных з калена дванаццатага. У патрэбе найвышэйшай, у гадзіне дванаццатай да вас прыйшла помач з Вышынь. Помач, што па-за граніцамі якога-колечы духоўнага калена. Помач вы заўжды адкідвалі, бо не спазнавалі яе. Зрынулі яе ў багну нізін і ўсё перакруцілі.

Што вы зрабілі са Слова? Царкоўную догму! Не ў мінуласьці, але ў сучаснасьці гэта дзейнае! З узьнёслага Слова, Слова з Вышынь, Слова са Сьвятога Граля, таксама як і два тысячагодзьдзі таму са Слова Сына Божага, вы зрабілі догму. Слова зрабілася целам і было паміж вамі, а людзі Слова не спазналі!

Вы, крывадушнікі, няўжо думаеце, што спазнаць Слова — значыць яго чытаць, слухаць, грэцца ў яго промнях альбо хваліцца ім?! Вы, крывадушнікі, няўжо думаеце, што жыцьцё Словам — гэта нашэньне крыжоў?! Вы, крывадушнікі, няўжо думаеце, што жывяце Словам?!

Ніколі, слухайце добра, ніколі вы не разумелі, што такое жыцьцё Словам! Дарэмна вас заклікалі: «Жывіце ў перакананасьці!» Дарэмна вас заклікалі: «Ідзіце і зьведвайце!» Дарэмна вас заклікалі: «Назірайце за іншымі і тым вучыцеся самі!»

У кабінэтах, у замкнутых пакоях, у закрытых суполках вы Слова чыталі, але ня зьведвалі ў Слове самі сябе! Бачылі хібы ў іншых і крывадушна заплюшчвалі вочы: «І мы ж маем хібы!» Крывадушна гэта было, бо тыя хібы былі вашымі хібамі, але вы не хацелі на іх вучыцца!

Са Слова вы зрабілі культ. І ня толькі са Слова, але з усяго — з набажэнства, з залі, з алтара, антэпэндыюма, крыжа, чашы… з усяго! Вы ўшаноўвалі Слова, Трыгон, вашы крыжы, Гару, піраміду, вучняў ці носьбітаў залатога крыжа… ушаноўвалі ўсё, а перадусім самі сябе!

Прэч такое чыненьне, вы, крывадушнікі! Прэч яго! У надыходныя часы яму ўжо няма месца. Усе тыя, што так чынілі, у сто разоў горшыя за тых, што Слова ніколі не пазналі!

Амэн!


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.