Трайны Закон у стварэньне

Вам ужо гаварылася пра ўсе ступені стварэньня. Насуперак таму вы ўсьцяж ня ведаеце, як стварэньне ўзьнікае, то бо з чаго ўзьнікаюць будаўнічыя элемэнты стварэньня, што ў рэчыўнасьці вядомыя як электроны, неўтроны і гэтак далей, і з чаго ўзьнікаюць істоты.

Таму, каб вы ўвогуле змаглі гэта зразумець, хоць бы часткова, мусім пайсьці аж туды, дзе Пачатак.

Бог-Айцец праменіць толькі адно-адзінюткае. Сілу, якая трымціць у Чыстаце. Сілу могуць зьнесьці толькі тыя, хто самі ёсьць Яе часткаю і каго вы знаеце як Сыноў Божых. Іншае вам пра гэта ня можа быць сказана, бо якое-колечы далейшае ўяўленьне было б няправільным.

Сыны Божыя прымаюць з прамяненьня Бога-Айца Чыстату, якая ў вадзінстве зь Сілаю і ў Бога-Айца неаддзельная ад гэтай Сілы. Яны адзіныя здатныя тое зьнесьці. Таму ніводны створаны, нават найвышэй разьвіты, ня можа гаварыць, што беспасярэдне паходзіць з прамяненьня Бога-Айца, бо гэта ня так.

Сыны Божыя прымаюць тое прамяненьне, і кажны паводле сваёй дзейнасьці яго зьмяняе. Можам сказаць, што Сын Божы Езус, прымаючы Чыстату, праменіць Ласку; Сын Божы Імануэль, прымаючы Чыстату, праменіць Справядлівасьць; Сын Божы Ірмінгард, прымаючы Чыстату, праменіць Чыстату.

Іншыя Сыны Божыя, прымаючы Чыстату, праменяць Трайны Закон. Вам пра іх дагэтуль нічога не гаварылася, бо іх дзейнасьць сягае толькі да верхняй часткі стварэньня, да Граніцы, там іх прамяненьне канчаецца.

Адзіна тыя, што маюць свой дом на Граніцы, таму могуць гаварыць, што знаюць Трайны Закон у вадзінстве, і таму адзіна яны могуць тое прамяненьне зьнесьці.

Вернемся, аднак, да таго, што вам ужо часткова знаёма. Ласка, Справядлівасьць і Чыстата, што праменяцца Сынамі Божымі, праходзяць як Трайны Закон праз Парцыфаля. Акрамя таго, праз Парцыфаля праходзіць беспасярэдняе прамяненьне Сілы і Чыстаты, якое Парцыфаль крыжуе, чым узьнікаюць сьвятло і энэргія ў стварэньне.

Пра Сьвятло, што праменіць беспасярэдне Бог-Айцец, няможна гаварыць, бо тое для вас недасяжнае, бо тое Ён сам.

Адзіныя, здатныя зьнесьці Трайны Закон, што Парцыфаль праменіць разам зь беспасярэднім прамяненьнем Сілы і Чыстаты, гэта знаёмыя вам крылатыя жывёлы на ступенях Божага стальца. Яны адзіныя і паходзяць беспасярэдне з тых прамяненьняў. Крыжуюць у сабе Трайны Закон і зноў падзяляюць у стварэньне. Тым узьнікае знаёмая вам форма Закону — роўнабочны крыж бяз кругу.

Па-за гэтымі жывёламі Сьвятло, што праменіцца з Парцыфаля, ня можа самастойна бруіцца, бо яго б ніхто ня зьнёс, і таму яно мусіць ахутацца энэргіяй, чым узьнікае першая форма сьвятла ў стварэньні, сьвятло Граніцы, яно прымае форму крыжа ў крузе. Далейшым злучэньнем гэтага сьвятла з энэргіяй узьнікаюць, таксама як у грубарэчыўнасьці, наступныя часьціцы, якія ўтвараюць краіны і жытло Граніцы.

Сьвятло з энэргіяй бруіцца далей, пакуль не прыходзіць на граніцу, дзе ўжо ня можа дзеяць у такой форме. Тут адбываецца далейшае ахутваньне гэтага сьвятла энэргіяй, чым узьнікне боска-бытнаснае сьвятло, а потым гэткім парадкам — прадухоўнае, духоўнае, бытнаснае сьвятло і нарэшце сьвятло рэчыўнае.

Сьвятло адзінае ўласна рухомае і ў рэчыўнай частцы стварэньня. Усе астатнія часьціцы, што зь яго ўзьнікаюць, ужо ня самі рухомыя.

Вернемся зараз назад да чатырох жывёл на ступенях Божага стальца. Кажная зь іх прымае Трайны Закон і Трайны Закон таксама праменіць, аднак кажная зь іх — у іншай форме.

Баран праменіць у промні Справядлівасьці, Арол — у промні Чыстаты, Леў — у промні Ласкі, а Бык — у промні Сілы. Зь іх прамяненьняў фармуюцца тыя, што завуцца «стварэньні». Не ўяўляйце, аднак, тое прамяненьне як беспасярэдняе, бо ў запраўднасьці гэтыя жывёлы праменяць скрыжаваныя прамяненьні.

Паглядзім зараз на тое, з чаго ўзьнікаюць знаёмыя вам істоты. З промня Ласкі, ахутанага Справядлівасьцю, узьнікаюць духі; з промня Чыстаты, ахутанага Справядлівасьцю, узьнікаюць анёлы, а з промня Справядлівасьці, ахутанага Ласкаю, — бытнасныя. Самі яны ніколі не змаглі б быць сьведамымі, таму кажны зь іх адначасна злучаны з промнем Сілы, што дае ім мажлівасьць прыдбаць сьведамасьць.

Істота дзее на Граніцы ў Трайным Законе, таму ў ёй павінна быць духоўнае, бытнаснае і анёльскае. Гэта найвышэйшая дзейнасьць. З Закону, аднак, распазнаецца адзіна істота — нягледзячы на тое, дзее яна як дух, бытнасны альбо анёл.

Найбольш тых, хто адразу можа дзеяць у Трайным Законе, то бо як адзінства бытнаснага, духоўнага і анёльскага. Але шмат і тых, хто так ня здолее. Яны на пераходзе паміж Граніцаю і боска-бытнасным уладарствам мусяць пашчапацца на так званыя самастойныя віды — духаў, анёлаў і бытнасных.

Бытнаснае наймацнейшае, таму ў далейшым разьвіцьці прагрэсуе самастойна, і таму толькі яно, адзінае з усіх, ёсьць ува ўсіх частках стварэньня. Духоўнае разам з анёльскім тымчасам разьвіваецца як арханёл, апроч таго, адбываецца шчапаньне на мужчынскіх і жаночых арханёлаў.

Хто ня можа прыйсьці да сьведамасьці ў боска-бытнасным уладарстве, на граніцы ў прадухоўнае ўладарства зноў шчапаецца — зноў на актыўную і пасіўную прадухоўныя часткі і праанёльскае. Прадухаў зналі даўнейшыя народы, яны іх няправільна называлі анёламі. Прадухі, як і анёлы, маюць крылы.

Хто ня можа прыйсьці да сьведамасьці і ў прадухоўным, мусіць шчапацца далей. Прадухоўныя ўжо падзеленыя на актыўнае і пасіўнае паводле спосабу свайго даваньня, таму цяпер яны шчапаюцца паводле спосабу браньня на двух духаў і анёла, які злучыў тых двух духаў — двух мужчынскіх альбо двух жаночых — у аднаго прадухоўнага мужа альбо жану. Анёл і тыя духі разьвіваюцца ў духоўным.

Найслабейшыя з тых духаў завуцца «духоўныя іскрынкі», да іх належаць многія з вас. Яны няздатныя разьвівацца ў духоўным, як астатнія духі, і таму спускаюцца дзеля разьвіцьця ў рэчыўнасьць пазьнейшага стварэньня.

Вернемся зараз яшчэ назад да найвышэйшых Вышынь. Прамяненьне Сілы ад Бога-Айца праходзіць празь Яго Сыноў далей у стварэньне. Гэта тая частка, што нясе імя «Будзь Сьвятло!», гэта тыя, хто ёсьць Адзінства. Іх рэзыдэнцыя — Замак Граля, які канчаецца на граніцы ў прадухоўнае. Празь іх стварэньне ўзьнікае і дзякуючы ім трывае. Маленькае ўзьдзеяньне іх Сілы мусіць трапляць аж да апошніх частак стварэньня, яно і ёсьць тым таямнічым злучэньнем прасторы і часу ў стварэньні.


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.