Дзень Сьвятой Галубіцы

Стоўп Сьвятла ў Сьвятая Сьвятых распалены да найчысьцейшага белага колеру. З Вышынь гучыць голас, які створаныя чуюць як магутную грымоту. Голас «Будзь Сьвятло!».

Стоўп Сьвятла пачынае мяняць свой колер. Зь белага пераходзіць праз залаціста-аранжавы ў цёмна-чырвоны. Усё хвалюецца і клякоча, як усьпененая чырвоная кроў. Белая Галубіца лунае пасярэдзіне. Расхінаецца заслона — і ў стварэньне выходзіць Крыж.

Чатыры прамяні Сілы выходзяць зь Яго сярэдзіны — цёмна-сіні, што дае ўзьнікнуць створаным; цёмна-чырвоны, што дае ім Ласку; залаціста-жоўты, што дае сьвятло; і залаціста-зялёны, што дае энэргію. Зь сярэдзіны ідзе прамень пяты, белы, прамень Пакоры.

Першыя вартаўнікі Сьвятога Граля, якія адразу сьмелі быць сьведамымі, прымаюць толькі гэты прамень і афарбоўваюць яго згодна з тым, чые яны пасланцы. Пасланцы Ласкі афарбоўваюць гэты прамень у жоўты, пасланцы Справядлівасьці — у сіні, а пасланцы Чыстаты — у фіялетавы.

Гэтую трансфармаваную Сілу здатныя прыняць астатнія створаныя. Гэта запраўднае заданьне пасланцоў Сьвятла. Гавораць, што бачаць, пасланцы Справядлівасьці; гавораць тое, што чуюць, пасланцы Ласкі; а гавораць тое, што адчуваюць, пасланцы Чыстаты.

І таму пасланцы Справядлівасьці азнаймуюць, што мае стацца; пасланцы Ласкі азнаймуюць, калі тое мае стацца; а пасланцы Чыстаты азнаймуюць, як тое мае стацца.

Таму Адкрыцьцё Яна было перададзена тымі пасланцамі Сьвятла, якія адчуваюць; зьвеставаньне прыходу Сына Божага — тымі пасланцамі Сьвятла, якія бачаць; а зьвеставаньне часу канца — тымі пасланцамі Сьвятла, якія чуюць.

Калі пасланцы Сьвятла азнаймуюць тое, што бачаць, адчуваюць і чуюць, яны служаць Трайному Закону і сьмеюць атрымаць крылы.

— — —
Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць