Перадфэст Чыстаты

Сёньня вы, людзі, рыхтуецеся да Фэсту Чыстаты. Вычысьцілі свае дамы, памылі свае целы і з адважнасьцю ўваходзіце ў храмы. Многія з вас залятаюць думкамі ў мінуласьць і ўспамінаюць, што ў гэты дзень на Зямлі нарадзілася Ірмінгард. Думаеце, што гэта фэст з нагоды дня яе нараджэньня.

Аднак усё духоўнае вы зрынаеце так у багну зямнога. Фэст Чыстаты ёсьць спрадвеку, а што ў гэты дзень нарадзілася Ірмінгард, выходзіць з Закону лікаў, бо і прамяненьне зорак трымціць у яго рытме.

Гэтаксама і Фэст Зіхатлівае Зьвязды ёсьць спрадвеку, і гэта ня толькі ўспамін пра дзень нараджэньня Сына Божага Езуса на Зямлі.

Кіньце ўжо пазіраць на ўсё сваім абмежаваным зямным зрокам! Чыстата — Боская, бо сам Бог ёсьць Чыстата. Як Яе натуральны вынік ёсьць спрадвеку Сыны Божыя Езус і Імануэль. Езус — гэта Чыстата, што ў стварэньні выяўляецца як Ласка, а Імануэль — Чыстата, што ў стварэньні выяўляецца як Справядлівасьць. Ласцы і Справядлівасьці можна знайсьці многа прыкладаў у стварэньні, Чыстаце — ніводнага!

Тое, што Чыстата выяўляецца вернасьцю ці адданасьцю, гэта толькі вобраз. У запраўднасьці вернасьць і адданасьць — гэта найвышэйшае веданьне Ласкі і Справядлівасьці.

Уяўна ў вас так многа адбіраецца, і ўяўна вы знаходзіце тут супярэчнасьці. Але гэта ня так, наадварот, даецца вам вельмі многа, больш, ніж вы думаеце.

Чыстата неспасьціжная, яе можна толькі адчуць. Тым, што вы маеце сваё жытло і целы чыстымі, вы ўвогуле ня служыце Чыстаце, але толькі выконваеце патрэбныя зямныя дзеяньні. Служыць Чыстаце значыць намнога, намнога больш. Толькі той сьмее сказаць, што служыць Чыстаце, хто ўсьведамляе, што такое Ласка і Справядлівасьць у сваім Адзінстве, то бо той, хто ведае, што такое Сьвяты Граль! Таго, аднак, ня ведае ніводны з вас!

Чыстата — іста ўсяго. Іста Ласкі і Справядлівасьці. Вось Трайны Закон, Чыстата, зь якое як зь істы і прычыны ўзьнікла ўсё, што ёсьць.

Паглыбіцеся ў таемствы Трыадзінства, бо гэта для вас альфа і омэга спазнаньня. Трыадзінства істоце зразумелае, хоць і толькі часткова, бо саму Чыстату ня можа зразумець ніхто з істот. Саму Чыстату нават ня могуць зразумець і Яе служэбнікі, бо Чыстата ў сваёй ісьце — гэта неназоўнае імя Божае!


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.