Пасланьне Граля як ключ

Пасланьне Граля — гэта ключ, з помаччу якога вы можаце вызначаць вартасьць хоць якое падзеі ўва ўсім стварэньні. Гэта альфа і омэга пазнаньня, то бо цьвёрдая скала, на якую вы можаце калі-колечы абаперціся.

Тое ўсё вы ўжо ведаеце, але ўсьцяж ня ведаеце, як маеце той ключ ужываць. Ключ Пасланьня Граля як ключ да замка, за якім патаемны пакой. Каб вы маглі той пакой увогуле пачаць дасьледаваць, мусіце сьпярша ключом адамкнуць замок. Да кажнага замка, аднак, іншы ключ.

Гэтаксама і з Словам. Вы ня можаце ўсюды ўжываць цэлае Пасланьне Граля, але, калі вызначаеце вартасьць зьяў, мусіце ведаць ужыць тыя выклады, што іх беспасярэдне датычаць. Яны тады створаць правільную камбінацыю зубчыкаў ключа, з помаччу якога вы адамкняце замок. Потым у памяшканьні, у патаемным пакоі, вы можаце і мусіце ўжыць дзеля яго дасьледаваньня ўсё Пасланьне Граля, бо яно непадзельнае і толькі як цэлае дае поўныя веды.

Думаеце, што ў Пасланьні Граля знойдзеце інструкцыю, якія выклады маеце выбраць дзеля будаваньня кажнага ключа. Аднак гэта ня так. Кажнадзённыя падзеі маюць тысячы варыяцый, то бо вы ня можаце чакаць, што ўсе тыя мажлівасьці будуць апісаныя беспасярэдне ў Пасланьні Граля як прыклады канкрэтнае падзеі. Тое, зрэшты, ані не было б можна, бо кажны дзень мусілі б пісаць сотні наступных выкладаў, каб паясьніць тую падзею.

Вы, аднак, маеце ў руках ключ, дзе апісаны ўвесь духоўны фон і прычыны кажнае, таксама і зямное падзеі. Як майстры вы мусіце выбіраць з тае скарбніцы мудрасьці тоны і колеры, якія ў гармоніі з тою ці іншаю падзеяю на Зямлі. Ніколі, аднак, тое ня будзе адзін выклад, нават у разе самае нязначнае падзеі, але заўжды іх будзе больш.

Мусіце ўмець збудаваць з асобных выкладаў заўжды новую і новую канструкцыю, як будаўнікі мастоў раз мусяць перакінуць мост праз шырокую, іншым разам праз вузкую, а іншым разам і праз бурную раку. Мусіце, як дойліды, выбарам выкладаў будаваць дамы — раз высокі, раз вузкі, раз многім жыхарам, раз толькі аднаму.

Гэта найвышэйшае майстэрства, якога вы можаце дасягнуць і мусіце дасягнуць, каб маглі споўніць заданьне, як абавязаліся ў гадзіну вашага пакліканьня.


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.