Памагай сабе, чалавеча, і Пан Бог табе паможа!

Раскажам спачатку адну гісторыю, знаёмую зь літаратуры.

Была паводка. Адзін пабожны чалавек укленчыў і маліўся да Бога аб выратаваньні. Тады ў яго дзьверы пагрукалі людзі з аднае лодкі.

«Не, дзякую, мяне выратуе Бог!»

Людзі паплылі, а вада падымалася далей. Пабожны чалавек мусіў схавацца ад вады на гарышчы, але не кідаў маліцца і ўсё прасіў аб выратаваньні. Тады прыстала да дома другая лодка, але чалавек адмовіўся і ад яе з словамі, што яго выратуе Бог.

Вада падымалася далей, і пабожны чалавек мусіў узьлезьці аж на комін. Аднак ён няспынна маліўся і прасіў Бога аб выратаваньні. Тады падплыла да дома трэцяя лодка, але марна ратаўнікі пераконвалі чалавека. Той усё цьвердзіў, што яго выратуе Бог.

Тут прыйшла новая хваля паводкі і пабожны чалавек патануў. Па абуджэньні на тым сьвеце чалавек з дакорам зьвярнуўся да Бога: «Як тое, што ты мяне ня выратаваў, калі я аб тым прасіў?!»

Тут загрымела з Вышынь: «Я ж табе тройчы пасылаў лодку!» — —

Гэтак неразумна, як той чалавек, робяць мільёны. Думаюць, што Божая помач павінна быць звышнатуральнаю ці, прынамсі, таямнічай. І хто думае, нібыта знае Закон, то бо, хто ведае, што ў грубарэчыўнасьці ўсё мусіць дзеяцца грубарэчыўна, у тых пытаньнях як не спазнаў лёгікі. Неразважна кідаюць усё зямное, што сваёю колішняю працаю прыдбалі, і ідуць у няведамасьць зь сьцьвярджэньнем: «Ведаю, што мне Бог паможа!» У тым сьцьвярджэньні, аднак, заўжды схавана вымога: «Бог мусіць пра мяне паклапаціцца!»

Законы стварэньня, аднак, не асягаюць тое, у якой форме і дзе чалавек мае на Зямлі жывіцца. На падставе Законаў, паводле як сваіх здатнасьцяў, так схільнасьцяў і слабасьцяў, ён прыцягнуты ў часе інкарнацыі да сваіх бацькоў. Тут канчаецца духоўнае дзеяньне і пачынаецца дзеяньне грубарэчыўнае. Куды ён за сваё жыцьцё пераселіцца, якую атрымае адукацыю, ці зможа скарыстацца сваёй адукацыяй у данай краіне — тое ўсё залежыць ад вельмі многіх грубарэчыўных акалічнасьцяў, таму духоўныя перадумовы могуць быць, а часта і ёсьць, зусім заглушанымі.

Як прыклад можна прытачыць дзейнасьць ідэалістычна арыентаванага чалавека пры камуністычных рэжымах. Ён там проста ўвогуле ня меў умоў для свае дзейнасьці! Нехта можа запярэчыць, што ён усё ж меў нарадзіцца ў іншым месцы. Не, гэта ня так! Яго заданьнем было дзеяць там, але грубарэчыўныя законы тае краіны, якія нельга было ведаць напярод, яму тое проста не дазволілі.

Як прыклад прыточым маладзіка, што меў унесьці сьвятло пазнаньня ў сьвятарскія шэрагі. Ён навучаўся тэалёгіі і быў пасьвечаны на сьвятара. Аднак неўзабаве ў яго адабралі дзяржаўны дазвол, і ён скончыў памочнікам экспэдытара.

Іншы прыклад. Дзяўчыну, якая мела памагаць словам у інстытуце мовазнаўства, нават з трэцяга разу не прынялі ва ўнівэрсытэт, і яна скончыла як урадніца ў сельскагаспадарчым каапэратыве.

І наступны прыклад. Многа тысяч было такіх, што скончылі ў вязьніцы альбо былі пакараныя сьмерцю.

Кажны чалавек мае пэўныя здольнасьці, якія, калі ён здатны іх разьвіць, прыносяць вялікае пажагнаньне. Тыя здольнасьці — дар ад Бога, таму з поўным правам такі чалавек можа абвесьціць, што яму ў яго працы памагае Бог!

Гэта азначае: тое, што ён прынёс як дар зь мінуласьці, і тое, што ён атрымае як новы дар у сучаснасьці, разьвіваецца да найвышэйшага майстэрства. Тады яму спрыяюць усе сілы ў стварэньні — ад найвышэйшае аж да найніжэйшае. Потым смутна бачыць, калі тыя дары ані ня здольныя жывіць чалавека! Такі чалавек адказна шукаў, адказна рыхтаваўся і таму сьмеў знайсьці, нават калі тое было аж пад старасьць.

І таму дары ад Бога, што чалавек мае ў сабе выявіць як здольнасьці, ніколі ня маюць быць дадзены задарма, бо яны ёсьць тым, што ў чалавеку найкаштоўнейшае, ёсьць сьведчаньнем яго духа!

Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.