Сьвет думак

Разнастайны сьвет думак. Як наймацнейшая зброя дзее ён перадусім у сярэдняй, але таксама і ў тонкай грубарэчыўнасьці і ўплывае адтуль на падзеі на ўсёй Зямлі. Хоць думак безьліч, сьвет думальных формаў адносна просты.

Думкі можам падзяліць на думкі нэўтральныя, напрыклад «ці будзе пагода»; думкі цёмныя, якія грунтуюцца на нянавісьці; і думкі сьветлыя, якія грунтуюцца на празе да Вышынь.

Думкі нэўтральныя, таксама як думкі невыразныя і няўстойлівыя, не ўтвараюць трывалых думальных формаў, але толькі формы, якія трываюць хіба ў час трываньня думкі, і таму няма сэнсу імі займацца.

Велізарны сьвет цёмных думак. З прычыны сваёй шчыльнасьці цёмныя думкі не падымаюцца ўгору, але затрымваюцца толькі ў найбліжэйшым навакольлі Зямлі там, дзе да Зямлі прывязаны цёмныя духі. Тут тыя думкі ўтварылі адзін-адзінюткі велізарны цёмны замак, дзе незьлічона ўваходных варот. Гэты замак сваімі шчупальцамі аплятае ўсю плянэту Зямля.

Прасочым адну цёмную думку. Яна выходзіць зь Зямлі ад свайго стваральніка і набывае агідны выгляд. Цёмны дух на Зямлі, аднак, ніколі ня здолее паслаць пэўную цёмную думку з першага разу. Дух скалынаюць цёмныя, часта супярэчлівыя адчуваньні, і думка, злучаная зь ім, нібы ў хаосе зьмяняе свой выгляд і прыцягваецца ад варот да варот цёмнага замка. Па даволі доўгім часе яна набывае свой канчальны выгляд, які адпавядае наймацнейшаму адчуваньню, і ўваходзіць у адны зь цёмных варот. Тут яна стварае новы будаўнічы камень цёмнага замка, які тым павялічваецца і праз злучальную ніць адваротна ўплывае на дух чалавека.

Цёмны замак стварае адна велізарная заля — заля нянавісьці. У залю вядзе шмат варот, якія адпавядаюць цёмным папярэднікам нянавісьці. Рана ці позна кажны цёмны дух скончыць у той залі.

Галоўныя вароты — гэта зайздрасьць. Ад пачатку яна была галоўнаю заляю, але саступіла месца сваёй дачцэ і са зласьлівасьцю дзень пры дні прыносіць ёй новыя ахвяры. Зайздрасьць — ува ўсім, нават у самай абсурднай праяве. Найцямнейшыя зайздросьцяць іншым нават у іх зайздрасьці ці нянавісьці, зайздросьцяць, калі тым не шанцуе, і зайздросьцяць тым у іх няшчасьці і страце. Зайздрасьць зрабілася найвярнейшаю паслугачкаю цемры.

Паглядзім бліжэй на наступныя вароты. Сквапнасьць і мамона — другія вялікія вароты. Найабсурднейшы дэвіз сквапнасьці: «Назапасіцца, чаго б тое ні каштавала!»

І адразу побач наступныя вароты — вароты жарсьці. Не затрымаемся тут, бо тое гідка, найгнюсьнейшыя зямныя воргіі толькі жаласная падробка таго, што тут дзеецца.

Наступныя вароты вельмі пярэстыя, памаляваныя самымі кідкімі фарбамі. Гэта вароты культаў і фальшывага шанаваньня. Кажная новая статуэтка на алтары мае тут форму новай кідкай стужкі, якая аздабляе вароты. Людзі зрабілі культ з усяго — з народжаньня і сьмерці, радасьці і гароты, ежы і голаду, маладосьці і старасьці, з усялякіх людзей, з усялякіх чыннасьцей, з усялякіх рэчаў. Няма адной-адзінюткай рэчы, чыннасьці ці асобы, каб зь іх не зрабілі культ і каб іх не ўшаноўвалі. Ушаноўваюць яшчэ і тых, каго самі ненавідзяць.

Урэшце ўспомнім апошнія, пятыя вароты, вароты найменшыя — вароты фальшывай пакоры і сьціпласьці. Найменшыя што да памеру — найбольшыя што да ліку тых, якія ўваходзяць. Найбольш уяўна малых, нібыта пакорных, што насычаюць тыя вароты новымі думкамі. Няма ніводнага цёмнага духа, які б ня меў тут думкі.

Найбольш думак з фальшывай пакоры як адказ на пытаньне: «Якія вынікі вашай працы?» Адказ: «Я ня ведаю, няхай судзіць Бог!» Гэта запраўдная фальшывая пакора! Людзі мыляюцца, аднак тое ня значыць, што абмыльнасьць паставім на першае месца. Калі чалавек узапраўды пакорны, яго адказ будзе: «У Сіле ад Бога я імкнуўся зрабіць тое найлепшае, што ўмею, і таму стаю на тым, што зрабіў, і ведаю, што нясу за тое адказнасьць!» —

Як сіні востраў праракаваньня, лунае ў тонкіх галінах грубарэчыўнасьці места сьветлых думак. Места, якое ўтварае сьветлы замак з галоўнаю заляю — Ласкаю, зь незьлічонымі ўваходнымі варотамі. Няма паміж імі розьніцы ў памерах ці красе.

Як усьмешлівы твар вітаюць нас вароты чыстай Радасьці і Шчасьця. Найхарашэйшыя думкі сьведамага шчасьця створаных — таму, што яны сьмеюць служыць Божай Волі, — аздабляюць тыя вароты.

Цудоўныя вароты ідуць адны за аднымі — Прага да Вышынь, Чыстата, Надзея, Пакора. Гэта толькі некаторыя з тых варот. Адны за другія прыгажэйшыя. Спынімся на хвіліну каля ганаровых варот, варот праўдзівай Пакоры і Пабожнасьці.

Што сёньня людзі ведаюць аб праўдзівай пакоры? Замяняюць яе лісьлівасьцю, падлізваньнем, узвышэньнем сябе ці самазьневажэньнем. Праўдзівая пакора, аднак, ганаровая! Бо пакорным можа быць толькі той, хто сьведама чыніць у промні пакоры, пасланай ганаровым Арлом у стварэньне. Таму праўдзівая пакора — гэта ганаровасьць! Ганаровасьць за вынікі сваёй працы, ганаровасьць за сьведамае чыненьне ў Законе, ганаровасьць за тое, што сьмею быць з Волі Божай!

Але не пераблытайце праўдзівую пакору зь яе найбольшым ворагам — пыхаю! Як можна адрозьніць пыху ад пакоры? Пыха выстаўляе наперад маленечкае людзкое «я», тымчасам пакора выстаўляе наперад ганаровасьць за тое, што ўласнае «я» страцілася ў сабе ў пазнаньні Слова!

І таму пыхлівы скажа: «Я тое зрабіў, Я тое ўмею, Я тое хачу, Я тое знаю…»; тымчасам пакорны скажа: «Зрабіў тое, умею тое, хачу тое, знаю тое…» Маленечкая, але вельмі істотная розьніца!


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.