Вернасьць як вобраз Чыстаты і шаты духа

Калі Ева з Адамам зьелі яблык пазнаньня, спазналі, што яны голыя. Пэўна ж вам гэты вобраз зь Бібліі знаёмы. Аднак дагэтуль вы над ім асабліва не задумваліся. Чаму яны былі голыя? І што такое аголенасьць?

У стварэньні дзейны Закон, што пазнаньне, якое праяўляецца ў сьведамасьці, стварае шаты. Таму, калі духоўная іскрынка ўпершыню абуджаецца зь нясьведамасьці, выяўляе, што голая, то бо выяўляе, што нічога ня ведае, і гэта яе першае пазнаньне. Тое першае пазнаньне дае ёй мажлівасьць стварыць хоць бы маленечкія шаты, сымбалічна адлюстраваныя фігавым лістком, якім Адам і Ева прыкрылі сваю аголенасьць. Потым у многіх перажываньнях у рэчыўнасьці на розных яе роўнях сьведамасьць духоўнай іскрынкі падвышаецца, чым яна ня толькі паступова ператвараецца ў сьведамага духа, але адначасна стварае тым і новыя шаты.

Тыя шаты — іх колер, аздобы ці нават каштоўныя камяні, што іх могуць аздобіць, — залежаць ад таго, як дух ідзе па пакручастых шляхах пазнаньня Божых Законаў.

Асноўны Закон, які тут вызначальны, — Закон Чыстаты. Яго вобраз людзкі дух спазнае ў вернасьці. Ня блытайце, аднак, вернасьць зямную зь вернасьцю духоўнаю, бо духоўная намнога вышэйшая і важнейшая.

Запраўдная вернасьць азначае толькі адно-адзінюткае. Вернасьць Богу, то бо спаўненьне Яго Волі ўва ўсіх пераменах свайго быцьця. Гэта тая адзіная і праўдзівая вернасьць, што здольная зрабіць шаты духа чыстымі і харошымі, без аніводнай плямы. Усё астатняе, што чалавек потым чыніць у сэнсе Божых Законаў, дадае на тыя шаты аздобы і каштоўныя камяні, якія могуць іх аздобіць. Аднак, калі дух ня чыніць паводле Божай Волі, сам тыя шаты брудзіць, таму выглядае, напрыклад, як жабрак, бо яго шаты парваныя, альбо як забойца, бо яго шаты скрываўленыя, і гэтак далей.

Сваім уласным хаценьнем і імкненьнем, то бо запраўдным спаўненьнем Божай Волі, чалавек мусіць свае шаты адмыць і выбеліць, каб ізноў сьмеў вярнуцца туды, адкуль паходзіць. Калі сам тое ня зробіць, давядзе тым толькі, што ён непатрэбны труцень у стварэньні, і таму ў апошнім зьдзяйсьненьні будзе размолаты на пыл.

«Прах ты і спрахнеш!» Тое папярэджаньне ёсьць адразу на пачатку Бібліі і ўжо стагодзьдзямі вас заклікае, каб вы паглядзелі на свае ўласныя шаты.

Вернемся, аднак, да харошага, то бо да тых шатаў, што чыстыя і зіготкія. Іх колеры розныя, ня толькі белы, бо залежаць ад таго, які дух іх носіць. Кажны колер патрэбны, і ў многіх адценьнях, бо разнастайныя заданьні, што дух мусіць спаўняць у стварэньні.

Не зьдзіўляйцеся таму, калі ў вас раптам зьменіцца колер шатаў з аднаго на другі, бо гэта азначае, што вы адно заданьне скончылі і маеце пачынаць спаўняць іншае. З кажным скончаным заданьнем расьце і ваша сьведамасьць, таму слушна мусяць зьмяніцца і шаты. Калі б так не было, гэта азначала б спыненьне.

Тая зьмена не павінна быць вялікаю, гэта можа быць толькі маленькая зьмена адценьня, даданьне пекнай аздобы, як, напрыклад, аблямоўкі шатаў; зьмена колеру мантыі, якую некаторыя сьмеюць насіць на сваіх шатах; зьмена сымбалю на грудзях, напрыклад, з крыжа на галубіцу; зьмена на галаве аздобы, якую некаторыя служэбніцы Божыя сьмеюць насіць у выглядзе дыядэмы ці абруча, альбо зьмена каштоўнага каменя на тым абручы.

Чым вышэй дух падымаецца, тым яго сьведамасьць большая, тым яго шаты больш зіхатлівыя і харошыя, і тым больш аздоб ён можа мець. Тым, аднак, узрастае і адказнасьць, якую той дух нясе, і таму ён павінен быць пільны, каб заўжды дбаў. Чым большая, аднак, адказнасьць духа, тым большую падпору ён мае са Сьвятла, каб споўніў сваё заданьне. У тым праяўляецца дасканаласьць Божай Волі, якая дае кажнаму акурат столькі, колькі трэба, то бо ні на зярнятка больш ці менш.

Імкніцеся, людзі, каб і вашы шаты былі зіхатлівыя, як серабро, бо толькі так давядзеце свайму Створцу, што спаўняеце Яго Волю, і толькі так зможаце вярнуцца туды, адкуль прыйшлі, то бо ў свой нябесны дом.


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.