Сьведамасьць

У выкладзе «Істота» вам было паказана, са скрыжаваньня якіх прамяненьняў узьнікаюць створаныя. Аднак вы ўсьцяж ня ведаеце, чаму некаторыя адразу сьведамыя, а іншыя — не і што такое ўласна сьведамасьць.

Скрыжаваньне прамяненьняў на вяршыні Граніцы ўявіце як кругавы рух трох асноўных патокаў Ласкі, Справядлівасьці і Чыстаты. Тыя патокі кружаць паміж рукамі таго, праз каго створаныя ўзьнікаюць.

Уласная сьведамасьць — гэта Сіла, што бруіцца са скрыжаваньня прамяненьняў Ласкі і Чыстаты. Тое, што з гэтага скрыжаваньня ўзьнікаюць будаўнічыя элемэнты стварэньня, толькі пабочны паток. Галоўны паток таго скрыжаваньня — сьведамасьць.

Створаныя, у залежнасьці ад ступені сваёй здольнасьці, на адпаведных роўнях стварэньня могуць злучыцца з гэтым патокам, то бо могуць прыняць такую сьведамасьць, якая дазволіць ім там заставацца і дзеяць. Так узьнікаюць адразу сьведамыя створаныя.

Тыя, што ня здатныя прымаць сьведамасьць адпаведнага больш высокага роўню, мусяць апускацца ніжэй. Сьведамасьць паступова шчапаецца на больш дробныя часьцінкі, таму на больш нізкіх роўнях створаныя потым могуць злучыцца з аслабленаю так сьведамасьцю і дзеяць там. Далей ёсьць апошнія асадкі істот — нясьведамыя зародкі духаў, бытнасных альбо жывёл, якія толькі перажываньнем у пазьнейшым стварэньні здатныя прымаць найслабейшыя адшчэпкі сьведамасьці, чым паступова і яны могуць зрабіцца сьведамымі.

Сьведамасьць — гэта ў запраўднасьці частка Чыстаты, а Ласка — Сіла, якою істота можа сьведамасьць утрымаць. Таму Ласка ёсьць Сілаю, якою жывёльныя зародкі найперш мусяць выбудаваць стабільную душу, і толькі пазьней, калі душа трывалая, здолеюць прыцягнуць і часьцінку Чыстаты, чым зробяцца сьведамымі жывёламі.

Цяпер, калі вам ужо навочна, як узьнікае сьведамасьць, вы можаце зразумець, што азначае, калі нехта стварае сьведамасьць цёмную.

Сіла Ласкі і Чыстаты бруіцца, а дух сваім чыненьнем яе вакол сябе скіроўвае. Калі яго хаценьне чыстае і прыстойнае, з іскрынкі паступова ўзьнікае цудоўнае зіхатлівае полымя, якое Ласка ахутвае чыстымі духоўнымі шатамі. Калі яго хаценьне цёмнае, дух разгараецца брудным полымем і адрынутая ім сіла Ласкі стварае вакол яго няпекныя шаты.

То бо сьведамасьць — гэта тое, што істота мае і што можа ў яе падвысіцца, калі яе хаценьне скіраванае да Вышынь, але яна можа яе і страціць, калі яе хаценьне cкіраванае адваротна. Такім парадкам нават можа стацца, што прадух апусьціцца на ровень духа, калі сваім чыненьнем адрыне ад сябе такую частку сьведамасьці, дзякуючы якой ён мог дзеяць на больш высокім роўні стварэньня. Потым ён мусіць ізноў разьвівацца і набываць выточную сьведамасьць такім спосабам, якім гэта мусяць рабіць тыя, чыё паходжаньне было з больш нізкіх частак стварэньня.

І Люцыфер тым, што кінуў кап’ё ў Сына Чалавечага, учыніў духоўнае забойства і адрынуў ад сябе частку сваёй сьведамасьці, чым апусьціўся. Ачышчэньнем у рыне тую частку сьведамасьці ён ня мог здабыць ізноў, бо яна зь ім ужо не была злучана. Толькі помаччу ў вачышчэньні людзкіх духаў, якіх ён сваім прынцыпам сьцягнуў, ён можа сьведамасьць ізноў прыдбаць, але тое ўжо будзе новая сьведамасьць, а не адрынутая старая.

Хоць гэта ня зьвязана беспасярэдне са сьведамасьцю, мусім яшчэ сказаць, навошта існуюць асобныя створаныя ў стварэньні. Хоць кажны мае іншае заданьне, жывёлы сваёй дзейнасьцю ўвогуле ўмацоўваюць вакол сябе рух, бо трымцяць у Сіле, высланай праз Быка на Граніцы.

Бытнасныя, у якіх няма духоўнага, маюць дбаць пра фармаваньне, то бо ствараюць плянэты і клапоцяцца пра расьліны. Сваёю дзейнасьцю яны ўмацоўваюць гераізм, бо трымцяць у Сіле, высланай праз Ільва на Граніцы.

Бытнасныя, у якіх ёсьць духоўнае, то бо яны паходзяць ад сэрафіма, маюць кіраваць будаваньнем стварэньня. Сваёю дзейнасьцю яны ўмацоўваюць Чыстату, якая праяўляецца адданасьцю і вернасьцю, і трымцяць у Сіле, высланай праз Арла на Граніцы.

Духі сваёю дзейнасьцю ўмацоўваюць Ласку, бо трымцяць у Сіле Барана на Граніцы.

Акрамя тых створаных, у духоўнай і больш высокіх частках стварэньня ёсьць таксама анёлы. Яны заўжды сьведамыя і сваёю дзейнасьцю ўмацоўваюць Чыстату сьведамасьці. Яны трымцяць у Сіле Арла на Граніцы.


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.