Новае стварэньне

Зьзяе Крыж. Бела-залатым выпускае свае промні ў стварэньне. Крыж адкрываецца, і празь Яго як Парцыфаля, Вароты ў стварэньне, прамянее Сіла ўтварэньня Справядлівасьці, якая як вянец прамяненьня асягае Трайны Закон. Сіла, форма якой — Сьвятая Галубіца. Бялюткая, лунае, нецярпліва махае крыламі і імкнецца. Ад Галубіцы аддзяляюцца Ружа, Лілея і Меч — Ласка, Чыстата і Справядлівасьць. Таямніца Трыадзінства, таямніца Закону, таямніца Слова.

У прастору гучыць Слова «Будзь Сьвятло!». Сьвятло — гэта Закон, і спускаюцца Лілея, Ружа і Меч, якія супольна ствараюць зіхатлівы Крыж. Спускаюцца, і зь іх прамяненьня паўстае Замак, Замак у Вышынях. Новая Сьвятая Сьвятых на граніцы да боска-бытнаснага ўладарства. Кароль сядае на сталец. Кароль каралёў, Сьвяты Граль. Цяжкая бела-залатая бліскучая заслона аддзяляе Замак ад стварэньня.

Заслона расхінаецца. Крыж вылятае вонкі, Крыж, які Слова і Закон для стварэньня. Пракаралева пяшчотнымі рукамі кладзе мантыю на Караля. Чароўная ўсьмешка, далікатны ружовы твар, чырвоныя вусны, цёмна-сінія вочы, ласкавы погляд. Пяшчотнаю рукою яна гладзіць караля і кажа: «Ідзі і споўні Божую Волю. Каралюй у стварэньні, якое празь Цябе ўзьнікла».

Пяшчотная Пані ў ружовым убраньні, як найдалікатнейшая Ружа, і далікатная Дама ў халодным белым, як найшляхетнейшая Лілея, далучаюцца да Караля. У першым сфармаваным боска-бытнасным покрыве выходзяць у боска-бытнасную частку стварэньня. Дванаццаць краёў мае тая частка. І ўсюды тчэцца і віруе ў кіпучай чыннасьці. У прамяненьні Караля тыя, што адразу сьмеюць быць сьведамымі, з імпэтам працуюць, каб упершыню сьмелі Яго прывітаць. Залатая карэта падрыхтавана Слову, што набыло форму. Найшляхетнейшыя з найшляхетнейшых коней сьмеюць цягнуць тую карэту.

Зычліва глядзяць вочы Караля і шляхетных Дам на твор, што ўзьнік і ўзьнікае. Яны спускаюцца ніжэй і ніжэй, чым стварэньне пашыраецца.

У далі ўзьнік сьвяты Храм. Храм, што сьмее несьці назоў «Замак Граля». Дваццаць чатыры Старэйшыны чакаюць свайго Караля. Адкрываюцца залатыя краты, вароты ў Замак Граля. На залаты сталец сядае Кароль, а на сярэбрана-залатыя стальцы пааберуч Яго сядаюць прыгожыя Дамы. Справа ад Яго — Марыя як Ласка, зьлева ад Яго — Ірмінгард як Чыстата. Трыадзінства для стварэньня. Таямніца таямніц у стварэньне, Сьвяты Граль.

Устае Кароль каралёў, Сьвяты Граль, убраны ў найчысьцейшае белае, што зіхаціць серабром, і ўздымае да Вышынь свае рукі. Крыж прамяніста зь Яго сьвеціць, а над галавою лунае Галубіца. Вялебячы Бога, гаворыць сваё сьвятое імя. І гэтае сьвятое імя — «Будзь Сьвятло!».

Сіла з Бога-Айца праз Імануэля, праз Парцыфаля прыходзіць у Замак Граля, і Сьвяты Граль, замацаваны ў Абд-ру-шыне, праменіць яе далей. Адкрываецца цяжкая цёмна-фіялетавая заслона. Сьвятое імя «Будзь Сьвятло!» гучыць у стварэньне.

У кажным з дванаццаці краёў у боска-бытнаснай частцы ўзьнікаюць дванаццаць местаў у прадухоўнай частцы. У яго найвышэйшай частцы, у Сьвятая Сьвятых, застаецца Сьвяты Граль як зарука злучэньня. Сіла дае ўзьнікнуць цэлым сьветам, якія ў кругавых рухах утвараюць прадухоўнае ўладарства. На яго канцы, на блакітным востраве Патмас узьнікае новы замак, вобраз Замка Граля. І сядае князь Артур на свой сталец, каб як кіраўнічы дбаў пра духоўную частку.

Сіла імкнецца далей. У кажным месьце прадухоўнай часткі стварэньня ўзьнікаюць дванаццаць вуліц духоўнай часткі стварэньня. Сіла, што кружыць, спускаецца далей, пакуль у канцы не ўзьнікае апошні духоўны вобраз Замка Граля, дзе князем Амфортас. Бытнаснае ўладарства завяршае рухомую частку стварэньня, і Зэўс прымае ўладу ў бытнасным Замку Граля на Алімпе.

У спаўненьні прагі да сьведамасьці бытнасныя і духі выходзяць у дванаццаць рэчыўных дамоў на вадной вуліцы духоўнага ўладарства, вядомых пад назовам «сусьветныя супольні». Пройдзе многа дзясяткаў мільёнаў гадоў, пакуль зь нерухомай рэчыўнасьці сьведамыя бытнасныя створаць новыя плянэты і сонцы, каб духі і бытнасныя сьмелі на іх сталець.

І так кажны год, у дзень Сьвятой Галубіцы ўзьнікала адно новае стварэньне, дзе дванаццаць бытнасна-рэчыўных сусьветных супольняў месьцяцца на вадной духоўнай вуліцы, дванаццаць духоўных вуліц — у вадным прадухоўным месьце, дванаццаць прадухоўных местаў — у вадным боска-бытнасным краі, а дванаццаць боска-бытнасных краёў — гэта адзін квадрат стварэньня. Год ад году, у дзень Сьвятой Галубіцы, ад вечнасьці да вечнасьці, узьнікае так стварэньне за стварэньнем.

Людзкі дух, меншы, ніж найменшая парушынка з парушынак, схіліся ў пакоры!


Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.