Атлянтыда

Паданьнямі авеяная зямля, Атлянтыда. Дагэтуль ня сьціхлі спрэчкі, ці існавала яна, хоць навукоўцы і знайшлі на дне мора яе рэшткі на канцы зямной кулі.

Пытаецеся, што за канец альбо пачатак можа мець зямная куля?

Усё ў стварэньні мае свой пачатак і канец. На зямной кулі вы ня знойдзеце граніцу, але пачатак і канец — так.

Пачатак зямной кулі — гэта пункт, дзе яна злучана зь Сілаю. Па-зямному ён вам знаёмы, хоць вы і ня ведаеце яго дакладнага месцаваньня. Ён знаёмы вам пад назваю «Бэрмудзкі трохкутнік».

У гэтым краі ў вадным дакладным месцы, у вадным-адзінюткім пункце Зямля злучана зь Сілаю. Грубарэчыўна гэта праяўляецца як злучэньне часу і прасторы. Як непранікальная сьцяна стаяць бытнасныя вартаўнікі вакол таго пункту і перасьцерагаюць усё жывое, каб абмінала гэтае месца, бо Сілу ня зможа зьнесьці.

Бытнасныя і жывёлы слухаюцца гэтай перасьцярогі і шырокім кружным шляхам абыходзяць гэтае месца. Толькі людзкі дух глухі і сьляпы і кажначасна трапляе ў небясьпеку. Таму ў гэтых мясьцінах зьбіваюцца машыны і прылады, бо бытнасныя, што памагалі іх працы, пакідаюць іх. Калі потым чалавек падпадзе пад уплыў гэтага пункту замацаваньня, яго цела не зьнясе ўплыву Сілы і за адну долю сэкунды распадзецца на грубарэчыўныя часьцінкі сьвятла.

Гэта такі самы ўплыў, як у чорнай дзірцы, з тою розьніцаю, што ўплывае толькі на ўсё жывое. Тым тлумачацца ўсе загадкава кінутыя караблі і загадкавыя паводзіны прылад самалётаў перад самай аварыяй.

Па кароткім адхіленьні вернемся да пытаньня пачатку Зямлі. Пункт, што мы ўспаміналі, гэта пункт, празь які праходзіць запраўдная граніца дат, і таму ён вызначае пачатак новага дня на Зямлі. Прасочым шлях гэтага дня.

Першы кантынэнт, дзе пачынаецца дзень на Зямлі, гэта Амэрыка. Ня трэба глядзець на яе сучасны ўплыў, бо людзі зацямнілі яе так, што яна мусіла быць духоўна патопленая, як была некалі Атлянтыда. Грубарэчыўна затапленьне будзе трываць стагодзьдзі.

У мінуласьці Амэрыка была вельмі важным месцам. На яе берагах праходзіла агністае разьвіцьцё бытнасных, што вы правільна заўважылі, а таму і сёньня называеце Амэрыку «чырвоны агністы кантынэнт». Агністае разьвіцьцё бытнасных азначае натуральны адбор. Вось чаму на гэтым кантынэнце шмат драпежнікаў.

За Амэрыкаю месьціцца агромністая плошча акіяна з раскіданымі астравамі. Гэта край узьнікненьня жыцьця на Зямлі. У тым акіяне і на тых астравах разьвіваліся першыя целы бытнасных. Вось чаму дагэтуль на найбольшым востраве, які вы няправільна называеце «кантынэнт Аўстралія», захаваліся найбольш архаічныя жывёльныя формы. Аднак вы няправільна ўлавілі колер, бо ён мае быць не зялёны, але жоўты. Таму жоўты, што жаўток — аснова жыцьця ў яйку.

За тым, у паўночнай паўкулі, трэці заладом, месьціцца велізарны кантынэнт — Азія. Яе заходнюю частку вы няправільна называеце «кантынэнт Эўропа». Азія — кантынэнт бурлівага разьвіцьця бытнасных, кантынэнт процілегласьцей. Вялікія трапічныя часткі Азіі зьмяняюцца пустэльнямі, працягваюцца мерным пасам, а на поўначы канчаюцца лядовымі краямі. Гэты кантынэнт найважнейшы ў разьвіцьці бытнасных, бо тут знаходзяцца ўсе іх формы. Колер гэтага кантынэнта, як і колер прыроды, зялёны.

У паўднёвай частцы паўкулі месьціцца чацьвёрты кантынэнт, Афрыка, які, аднак, толькі рэштка выточнай Атлянтыды. Афрыка ў час атлянцкай катастрофы была засыпана пяском і жвірам. Гэты кантынэнт, чорны як вугаль, прызначаны, каб разьвіваліся тыя бытнасныя, што найбольш трымцяць у сіле. Таму тут пераважаюць магутныя тыпы жывёл, якія дзеля правільнага разьвіцьця маюць патрэбу ў гарачым клімаце. І таму тут таксама праходзіла разьвіцьцё жывёльных цел, у якія пазьней інкарнавалі першыя людзкія душы.

Легендарны сіні кантынэнт Атлянтыда. Над яе колішнімі землямі сёньня разьліваецца мора, але так было не заўсёды. Апошні кантынэнт на канцы Зямлі быў прызначаны, каб разьвіваліся тыя, што прыйшлі сюды апошнімі, людзкія духі. Вы ані ня можаце ўявіць, якую шкоду ўчынілі тым, што пакінулі гэты кантынэнт. Адзін ён меў прыдатнае зямное прамяненьне, якое спрыяла разьвіцьцю людзкіх духаў. На ўсіх астатніх кантынэнтах яно больш ці менш непрыдатнае, што мае наступнасьцю многія вашы хваробы, якія няможна вылечыць.

Апошні, пяты кантынэнт — кантынэнт паўночны, белы і чорны кантынэнт Антарктыда. У паўночнай паўкулі белы, сёньня вы яго няправільна называеце «Арктыка»; у паўднёвай паўкулі чорны. Гэта кантынэнт, што злучае ўсе астатнія, адзіны кантынэнт, дзе няспынна дзень і ноч, і таму мы можам назваць яго і «першы кантынэнт». Разьвіваюцца тут тыя бытнасныя, якія прагнулі вечнага Сьвятла. Не зважайце на тое, што там холад, яны маюць у ім патрэбу, каб зразумець, як далёка яны яшчэ ад Сьвятла. Гэта адзіны кантынэнт, дзе ўсіх жывёл можаце азначыць паняткам «чыстыя».

Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.