Грубарэчыўнасьць

Хоць дагэтуль пра асобныя часткі стварэньня было сказана ўжо досыць многа, усьцяж ня ўзьнік у людзях правільны вобраз і яны ўсьцяж блытаюць асобныя часткі, перадусім тонкарэчыўнасьць з тонкаю грубарэчыўнасьцю. Таму зараз трэба разгарнуць грубарэчыўную частку стварэньня на яе поўную шырыню, каб так стварыўся яе суцэльны вобраз.

Як вам вядома, грубарэчыўнасьць можам падзяліць на тры асноўныя ступені — тонкую, сярэднюю і грубую грубарэчыўнасьць. Як вы ведаеце, у тонкай грубарэчыўнасьці ўтвараюцца формы думак, у сярэдняй — слоў, а ў грубай — учынкаў.[1] Адначасна, аднак, вы ведаеце, што людзкое слова ўтварае формы ў тонкай грубарэчыўнасьці.[2] Як тады ўласна, дзе ўтвараюцца формы слоў?

У запраўднасьці яны могуць утварацца як у сярэдняй, так і ў тонкай грубарэчыўнасьці. Аднолькава і з думкамі. На тых роўнях нават ані няможна адрозьніць слова ад думкі, бо яны адно. Думка — гэта слова, а слова — думка.

Каб уявіць тое, узнавіце ў галаве нейкую думку. Што пачуеце? Словы! Калі вы іх потым прамовіце, прамовілі вы словы альбо выказалі думку? Няма ў тым ніякай розьніцы.

Цяпер пытаецеся, як гэта з вобразнымі думкамі. Тут мусім адрозьніваць вобразы рэчыўныя і вобразы зь нярэчыўных роўняў. Нярэчыўныя ўвогуле няправільна называць думкамі, бо думкі ў знаёмым вам сэнсе могуць быць толькі рэчыўнымі.

Калі вы бачыце ў галаве рэчыўны вобраз, гэта ня што іншае, ніж візія формы азначанага слова ці думкі. То бо вы яго можаце ня толькі чуць, што больш звыкла, але і бачыць.

А як словы і думкі — гэта адно, часта няма сэнсу гаварыць пра іх асобна. Таму, калі гаворыцца пра адныя ці пра другія, нярэдка мысьліцца пра іх разам. — —

Думка. Усё залежыць ад таго, адкуль яна паходзіць, з духу альбо з розуму. Акрамя таго, яе можа выклікаць падсьведамасьць, то бо ўласна памяць духа; альбо яе можа выклікаць і рэфлекснае чыненьне цела.

Калі думку выклікае адчуваньне альбо падсьведамасьць, яна стварае форму ў тонкай грубарэчыўнасьці, а калі яе выклікае розум альбо рэфлексы, яна стварае форму ў сярэдняй грубарэчыўнасьці.

Памяць слоўнага гучаньня думак захавана ў сярэдняй грубарэчыўнасьці. У тонкай грубарэчыўнасьці ёсьць формы тых думак, што адпавядаюць адценьню іх адчуваньняў, але толькі ў тым выпадку, як нейкія маюцца.

У разе напоўненых адчуваньнем думак і падсьведамасьці наяўнае адчуваньне, таму яны заўжды сфармаваны ў тонкай грубарэчыўнасьці. У сярэдняй грубарэчыўнасьці яны фармуюцца тады, калі ў галаве вы іх сфармуеце ў словы.

У разе разумовых думак альбо рэфлексаў адчуваньня няма, таму яны больш шчыльныя. Яны ўтвараюць формы толькі ў сярэдняй грубарэчыўнасьці.

Гэты падзел у дзейнасьці думак узьнікае, уласна, з таго, у каторай частцы мозгу ўзьнікаюць яны. У разе адчуваньня і падсьведамасьці гэта задні мозг, у разе розуму і рэфлексаў мозг пярэдні. — —

Калі мы хочам паглыбіцца ў гэта больш падрабязна, будзем мусіць пашырыць некаторыя рэчы. Дагэтуль мы дзялілі грубарэчыўнасьць на тры часткі — грубую, сярэднюю і тонкую. Гэта, аднак, вельмі грубае і недастатковае для нас разьдзяленьне.

Колішнім разьдзяленьнем мы ня здолеем дакладна вызначыць, напрыклад, месца, дзе бытнасныя ўплываюць на грубую грубарэчыўнасьць. Яны ня могуць мець толькі бытнасныя целы, бо розьніца паміж відамі занадта вялікая. Нават сярэдне-грубарэчыўных цел ім мала, бо сярэдняя грубарэчыўнасьць іншага роду, чым грубая грубарэчыўнасьць. Таму немажліва, каб цела зь сярэдняй грубарэчыўнасьці совала аб’екты з грубай грубарэчыўнасьці, як немажліва, каб цела з грубай грубарэчыўнасьці магло дастаць да сярэдняй грубарэчыўнасьці. То бо лягічна, што бытнасныя мусяць мець целы груба-грубарэчыўныя!

Якія гэта тады целы, калі звычайным груба-грубарэчыўным зрокам іх ніхто ня бачыць?

Падобнае дзеяньне і ў разе з так званаю аўрай. Яе таксама нельга бачыць звычайным груба-грубарэчыўным зрокам, але ўжо існуюць спэцыяльныя фатаграфічныя прылады, каб яе ўлавіць, і нават каляровую. З гэтага ясна вынікае, што і аўра павінна быць груба-грубарэчыўнаю!

Пытаньняў з галіны асобных роўняў грубарэчыўнасьці больш, напрыклад: «Дзе ўзьнікаюць і дзе дзеюць розныя дэманы і фантомы?» альбо «Утварэньні дрэнных слоў побач з утварэньнямі добрых слоў альбо пад імі?» і многа іншых.

Каб адказаць на гэтыя пытаньні, пяройдзем да больш тонкага дзяленьня рэчыўнасьці.

Кажную ступень грубарэчыўнасьці можам падзяліць на тры падступені альбо часткі — тонкую частку, сярэднюю частку і грубую частку. Зараз разьбяром асобныя ступені грубарэчыўнасьці з усімі іх часткамі падрабязьней. Хоць гэта ненатуральна, будзем рухацца не згары дадолу, але наадварот, бо так вам будзе ясьней.

Грубая частка грубай грубарэчыўнасьці — гэта тая частка, якая адзіная вам знаёмая. Вы бачыце яе звычайным зрокам альбо распазнаяце спэцыяльнымі прыладамі. Яна складаецца са знаёмых вам часьцінак, якія вы называеце «электроны», «неўтроны», «пазытроны», «неўтрына» і гэтак далей.

Акрамя касьмічных цел, тут узьнікаюць і целы жывёл і людзей. Целы людзей узьнікаюць вынятна на плянэце Зямля, бо на гэтай плянэце, і толькі на ёй, зыходзяцца з астатніх частак стварэньня ўсе віды сіл, што як вянец прамяненьня ўтвараюць плоцевую сілу.

Пра гэтую частку грубарэчыўнасьці, аднак, ня мусім больш гаварыць, бо яна вам блізка знаёмая з вашага жыцьця. —

Сярэдняя частка грубай грубарэчыўнасьці — гэта частка, што складаецца з прамяненьня. Некаторыя з прамяненьняў навукоўцы здолелі выявіць і ўлавіць, напрыклад, рэнтгенаўскае прамяненьне, часткова — прамяненьне аўры чалавека і іншыя. Таму тут заўважныя і хваробы, якія можам распазнаць у аўры.

Многія прамяненьні навукоўцы пакуль што ня выявілі, але людзям, што маюць цалкам адкрыты груба-грубарэчыўны зрок, знаёмае, напрыклад, прамяненьне чакраў ці прамяненьне шнура паміж груба-грубарэчыўным і сярэдне-грубарэчыўным целамі чалавека альбо жывёлы.

Той шнур маюць толькі жывыя целы, то бо не расьліны. Яго наяўнасьць сьведчыць, што дух яшчэ можа быць злучаны з грубарэчыўным целам, нават калі ўжо прыйшла зямная сьмерць. У многіх выпадках дух нават можа вярнуцца ў цела, што, напрыклад, вядома як уваскрасеньне Лазара альбо ў сучаснасьці вядома як перажываньне клінічнай сьмерці.

У многіх выпадках вярнуцца ўжо нельга, але, насуперак таму, дух можа быць прывязаны да цела ў выніку яго няправільнага хаценьня, перадусім — прыхільнасьці да рэчыўнага. І таму па сьмерці вы ня сьмееце нічога рабіць зь целам, акрамя пахаваньня, бо дух можа ўсё адчуваць!

У разе, калі дух, што зыходзіць, імкнецца да Вышынь, ён ужо не бывае злучаны з грубарэчыўным целам, дарма што гэты шнур існуе аж да пачатку распаду грубарэчыўнага цела. І ў гэтым выпадку ніхто ня можа адказна абвясьціць, ці ня вернецца яшчэ дух, бо і гэта паводле Закону мажліва, і хоць так нячаста адбываецца, але сталася канкрэтна ў выпадку з Лазарам. Таму з такім целам вы ані ня сьмееце нічога рабіць, але маеце яго пахаваць.

Нават і пахаваньне, выкананае праз спаленьне, няправільнае. Дух, хоць яго вяртаньне не бярэцца пад увагу, паводле Закону часта мае перажыць доўгі распад свайго цела, каб так пазнаў, у чым хібаўся. У разе спаленьня ён тое не перажыве, таму зьбеднены на такое перажываньне і праз тое нярэдка мусіць паўторна нарадзіцца на Зямлі.

Яшчэ трэба ўспомніць пра бытнасных, бо некаторыя маюць целы нават з гэтай часткі рэчыўнасьці. Напрыклад, саламандры маюць целы з прамяненьня, бо тое вынікае зь існасьці іх дзейнасьці. Таму гэтых бытнасных можам бачыць найчасьцей. —

Тонкая частка грубай грубарэчыўнасьці — гэта частка, што складаецца з энэргіі. Гэтая энэргія ў існасьці духоўная энэргія, ахутаная найтанчэйшым покрывам грубай грубарэчыўнасьці. Яе наступным ахутваньнем узьнікае прамяненьне, і потым з наступным покрывам узьнікаюць найтанчэйшыя часьцінкі ў грубай частцы грубай грубарэчыўнасьці.

У тонкай частцы грубай грубарэчыўнасьці дзеюць бытнасныя, чые груба-грубарэчыўныя целы створаны энэргіяй. У залежнасьці ад сваёй дзейнасьці яны маюць целы розных памераў — ад атамарных аж да велізарных.

Найменшыя бытнасныя, што працуюць на роўні атамаў, здольныя соваць сваімі целамі маленькія часткі рэчыўнасьці, што потым праяўляецца, напрыклад, як электрычнасьць. З нашмат большымі целамі дзеюць бытнасныя кветак, горных парод і іншыя, бо яны вымагаюць намнога большай сілы дзеля фармаваньня грубай грубарэчыўнасьці. А найбольшыя, так званыя вялікія бытнасныя, працуюць зь вялікімі масамі, як, напрыклад, паветраныя патокі ці морскія хвалі. Наймацнейшыя з тых вялікіх працуюць з магматычнымі формамі цьвёрдай рэчыўнасьці, што груба-грубарэчыўна праяўляецца як тэктанічная і вульканічная чыннасьць.

Некаторых бытнасных, што маюць целы з гэтай часткі рэчыўнасьці, мы нават можам лёгка ўбачыць і бязь нейкіх асаблівых здольнасьцей. Напрыклад, у тонкай вадзяной пары часамі можам убачыць бытнасных вады.

У гэтай частцы рэчыўнасьці далей даходзіць да так званай матэрыялізацыі тонкіх думальных формаў. У разе цёмнага прамяненьня крыві, што ўласна ў тонкай частцы грубай грубарэчыўнасьці праяўляецца як цёмная энэргія, думальныя формы ў выглядзе розных фантомаў могуць быць прыцягнутыя і ахутаныя гэтай энэргіяй. А як яны злучаны са сваім ініцыятарам нечым накшталт сілкавальнага шнура, могуць потым груба-грубарэчыўна праявіцца, напрыклад, сованьнем табурэтак, ківаньнем ківачыка, грукатаньнем дзьвярэй ці іншымі жахавітымі праявамі, рознымі «цыркавымі фокусамі», напрыклад, запальваньнем лямпачкі ў роце, дзяржаньнем праса на целе ці згінаньнем лыжачак. Гэтак могуць праяўляцца і асобныя цёмныя духі, якія, падобна фантомам, могуць мець часовыя целы зь цёмнай энэргіі.

Адмысловая форма фантомаў — фантомы атакоўнага характару. Яны набываюць форму рознай зброі: кінжалаў, стрэл, коп’яў; рук, якія душаць, і іншых, што беспасярэдне паражаюць груба-грубарэчыўнае цела ахвяры. А як гэтая зброя шчыльнейшая за целы бытнасных, яны ня могуць перашкодзіць яе ўплыву.

Многа такой зброі, канкрэтна кінжалы, паразілі сэрца Пана, і таму ён меў вялікія грубарэчыўныя цяжкасьці, што ў выніку прывялі аж да яго сьмерці. Многа такой зброі, канкрэтна тапары і коп’і, паразілі зьнясіленую рухальную сыстэму пані Марыі, у выніку чаго яна зламала руку. Многа такой зброі паражае і сёньня ўсіх тых, хто імкнецца да Сьвятла, у выніку чаго яны пакутуюць на самыя розныя хваробы.

Абсалютна спэцыфічная форма фантомаў — фантомы, якіх людзі ўтвараюць у імкненьні быць сьвятымі. Тыя фантомы набываюць форму часткова роўнабочнага крыжа, які заўжды пануры, брудны ці інакш цёмны і які заўжды мае нейкім спосабам скрыўленыя рамёны.

Адзінае, што ні фантомы, ні іншыя думальныя формы ніколі, нават прыблізна, ня здолеюць падрабіць, гэта галубіца. Таму, акрамя духоўных крыжоў ці іншых знакаў, напрыклад шасьціканцовых зорак на чолах, усе служэбнікі Сьвятла маюць знак галубіцы на сваіх грудзях. Самі Пасланцы нясуць у сабе жывы Крыж — такі вялікі, як яны самі, а Сьвятая Галубіца лунае над імі. Знакі на чолах адпавядаюць лікам Альфа і Амэга.

Тыя знакі як у Пасланцоў, так і ў людзей было і можна бачыць вынятна духоўным зрокам. Ніколі ня маюць яны сваіх вобразаў на рэчыўных роўнях. Усе знакі, заўважныя там, могуць паходзіць толькі ад таго, хто сам насельнік тых рэчыўных частак, што тое самае, калі вы створыце зараз знакі на вашай Зямлі. Згодна з тым вы заўжды можаце з упэўненасьцю пазнаць, хто і адкуль вам што прыносіць.

Такая, як цёмныя ўчынкі, цёмная грубая частка сярэдняй грубарэчыўнасьці. Яна нават яшчэ цямнейшая, бо тут месьцяцца ўсе ўтварэньні цёмных разумовых думак і цёмных слоў. Тут і большасьць з так званых прывязаных да Зямлі духаў, тут і цёмны замак думальных формаў.[3] Духі, што песьцілі тыя думкі, тут крэпка зьвязаныя, і яшчэ нікому зь іх нават па тысячагодзьдзях не ўдалося разьвязацца. Беспасярэдне адтуль яны мусяць ісьці на распад у рыне. —

У сярэдняй частцы сярэдняй грубарэчыўнасьці месьцяцца ўтварэньні думак, што нясуць у сабе знак прагі да Вышынь. Але толькі знак! Таму тут месьціцца і фальшывае неба няспыннага маленьня і мармытаньня слоў. Сюды мусяць прыйсьці тыя духі, якія інакш чыстыя, але не зразумелі, што такое малітва. Іх знаходжаньне тут звычайна вельмі кароткае. Яны мусяць зразумець, якія недарэчныя былі іх думкі і словы. —

Тонкая частка сярэдняй грубарэчыўнасьці створана чыстымі і ўзьнесенымі думкамі прагі да Вышынь, але ім бракавала афарбоўкі адчуваньнем. Многія духі маюць тут свой часовы дом. Тут ёсьць і духі, што ўжо сьмелі б вярнуцца ў духоўнае ўладарства, але самахвотна ўсклалі на сябе нейкае заданьне, і таму яны тут, каб уплываць адсюль на разьмешчаныя ніжэй часткі рэчыўнасьці. Увогуле, аднак, многія з духаў, што той ровень стварылі, проста праходзяць гэтым шляхам без супынку, каб разьвівацца далей на больш высокіх роўнях стварэньня. —

У грубай частцы тонкай грубарэчыўнасьці ўзьнікаюць утварэньні найцяжэйшых напоўненых адчуваньнем думак. У стварэньнях, дзе не адбылося заняпаду, тыя ўтварэньні ня цёмныя. Гэта датычыць усяго зямнога. У вас, дзе адбыўся грахоўны заняпад, тая галіна — найцямнейшае навакольле Зямлі. Яно намнога цямнейшае і страшнейшае, ніж грубая частка сярэдняй грубарэчыўнасьці, бо падфарбаваныя адчуваньнем думкі і словы намнога мацнейшыя за разумовыя. Досыць толькі падфарбаваць адчуваньнем зямныя словы, і яны могуць зусім зьмяніць свой уплыў.

Тыя ўскрайкі тонкай грубарэчыўнасьці ў вас у гэты момант ніхто са створаных духаў не насяляе. Тыя, што іх стварылі, сюды ніколі ня трапяць, бо ўгразьлі ў сваіх разумовых думках і словах так моцна, што ня здольныя вызваліцца зь сярэдняй грубарэчыўнасьці і падняцца сюды. Тамтэйшы цёмны замак думальных формаў як ракавае ўтварэньне нават перарос аж у гэтую галіну, і прывязаныя там духі так чэрпаюць адтуль падмацаваньне ў вадчуваньні. —

У сярэдняй частцы тонкай грубарэчыўнасьці ўзьнікаюць утварэньні адносна цяжкіх, але ня цёмных напоўненых адчуваньнем думак, напрыклад, фантастычныя думкі, думальныя ўтварэньні нявернікаў, думальныя ўтварэньні фальшывых поглядаў на пасьмяротнае жыцьцё, што ўтвараюць цэлыя галіны так званага фальшывага неба забавак і гультайства, тут месьціцца і фальшывае неба няспынных набажэнстваў. Духі, што песьцілі такія думкі, тут на сваім шляху звычайна запыняюцца найдаўжэй, з пункту гледжаньня зямнога часу пройдуць аж стагодзьдзі, пакуль яны зразумеюць, што думалі няправільна. —

У тонкай частцы тонкай грубарэчыўнасьці ёсьць вынятна сьветлыя і ўзьнёслыя напоўненыя адчуваньнем думкі, іх аснова — прага да Вышынь. Гэтыя думкі набылі тут формы ўзьнёслых і цудоўных замкаў, поўных пахучых садоў, пасярод якіх ёсьць Божы храм. Тут таксама шчыруе многа дабрадзейных істот, што ўзьніклі з цудоўнага людзкога мысьленьня.

У гэтай частцы духі запыняюцца вельмі мала. Яны памагаюць тут тым, хто ня цалкам сьведамы і мусіць яшчэ інкарнаваць на Зямлі.

[1] Абд-ру-шын: «Першы крок»

[2] Абд-ру-шын: «Людзкое слова»

[3] Выклад «Сьвет думак»

Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.