Нядзельнае званеньне

Званы звоняць у далі. Вяшчуюць новы дзень. Вяшчуюць і заклікаюць: «Чалавеча, спыніся. Спыніся на хвіліну і прыслухайся да тонаў».

Як найсаладзейшы акорд гучаць тоны As (ля-бемоль), Es (мі-бемоль) і Ces (до-бемоль). As — высокі, сьвежы, бялюткі, Чыстату вяшчуе; Es — жоўта-чырвона-ружовы, сур’ёзны, у Ласцы трымціць; а Ces — цёмна-фіялетавы, сур’ёзны, бурлівы, грымотным голасам кажа: «Справядлівасьць!» І супольна яны ўтвараюць адзін акорд, адзін тон, тон Альфа, і гэта тон Амэга, і гэта тон Праўда, зь якога Трайны Закон выходзіць у стварэньне.

Сем тонаў і пяць паўтонаў ствараюць актаву, два квадраты стварэньня. Актава — гэта восем, то бо дванаццаць тонаў, то бо сем ступеней да Божага стальца. Адзінства  лікаў, тонаў і колераў. Шэсьць колераў, шэсьць тонаў плюс сёмы колер і тон, тон найвышэйшы, тон Справядлівасьці, пачатак актавы.

Сем — гэта дванаццаць і гэта тры, што дае дзевяць лікаў. Здаецца вам гэта вар’яцкім, толькі не вар’яцкае, але дасканалае гэта. І таму ведайце, шэсьць лікаў у стварэньні — гэта шэсьць тонаў: тон С (до) — лік 5; тон D (рэ) — лік 1; тон Е (мі) — лік 2; тон F (фа) — лік 4; тон G (соль) — лік 8 і тон А (ля) — лік 7. Шэсьць наступных лікаў — гэта шэсьць паўтонаў: тон Cis (до-дыез) — лік 6; тон Dis (рэ-дыез) — лік 0; тон Eis (мі-дыез) — лік 3; тон Fis (фа-дыез) — лік 9; тон Gis (соль-дыез) — лік Альфа і тон Ais (ля-дыез) — лік Амэга.

Сем ступеней да Божага стальца — гэта сем тонаў, сем літар: тон С — літара І; тон D — літара М; тон Е — літара А; тон F — літара N; тон G — літара U; тон А — літара Е і тон Н (сі) — літара L.

Сем тонаў — гэта сем літар і сем ступеней, і гэта сьвятое імя IMANUEL, што азначае: «З Адзінага, Навышняга Бога ўва ўсе стварэньні выходзіць той, хто ёсьць Альфа і Амэга, каб празь Сьвяты Граль, у Ім замацаваны, выліваць Сілу. Амэн!»

Пяць паўтонаў: тон Cis — літара І, тон Dis — літара Е, тон Fis — літара Z, тон Gis — літара U і тон Ais — літара S.

Пяць паўтонаў — гэта пяць літар і пяць новых ступеней, і гэта сьвятое імя IEZUS, што азначае: «З Адзінага Бога выходзіць той, хто Ласку на промні Чыстаты высылае ў стварэньне празь Сьвяты Граль. Амэн!»

Такім парадкам, сем тонаў і пяць паўтонаў — гэта актава, што ўтрымвае квадрат стварэньня ад вечнасьці да вечнасьці. Актава — гэта тры Законы: Ласка, Справядлівасьць, Чыстата.

Чыстата, што ёсьць тонам Альфа і Амэга, то бо лік нуль, ёсьць грунтам разуменьня стварэньня. Тон Чыстата, то бо тон Альфа і Амэга, ня дадзены ў стварэньне, бо Чыстата неспасьціжная. Без Чыстаты, аднак, не было б стварэньня.

Людзі, што вы ведаеце пра панятак «Чыстата», пра той панятак, што азначае для вас непахісную вернасьць?! Чыстата — гэта лік нуль, найдасканалейшы лік з усіх лікаў. Няхай што-колечы памножыце на лік нуль, атрымаеце зноў толькі лік нуль, што азначае: «Няхай бы вы хацелі што-колечы ўзвысіць над Чыстатою, ня здолееце тое, бо Чыстата наймацнейшая». Калі што-колечы дзеліце на лік нуль, атрымаеце бясконцасьць, што азначае: «Чыстата асягнута ўва ўсім, што ідзе з Вышынь». Калі хочаце лік нуль да нечага дадаць, тое ня зьменіце, што азначае: «Чыстату няможна дадаць да нечага, дзе яе раней не было». Калі лік нуль ад чаго-колечы аднімеце, тое ня зьменіце, што азначае: «Калі нешта забрудзіце, Чыстата выдаліцца, нібы там ніколі не была».

Чыстата — гэта Ірмінгард, то бо лік 5, які ў стварэньні Ласка. Ласка — гэта Сын Божы Езус, то бо лік 3, які ў стварэньні Чыстата. А лік 5 і лік 3 даюць лік 8, два квадраты стварэньня — гэта ў Вышынях Божая Воля, Мэркур. Лік 5 бязь ліку 3, то бо Ласка бяз Чыстаты, гэта дух, то бо лік 2, — гэта ў Вышынях Дух Сьвяты, Од-шы-мат-но-кэ. А лік 8 бязь ліку 2 ёсьць 6 — Імануэль, то бо той, які ёсьць Справядлівасьць, празь якога ўзьнікаюць квадраты стварэньня для духаў. А лік 6 бязь ліку 2 — гэта лік 4, Леў, то бо Надзея, што праз Справядлівасьць духі знойдуць шлях да Вышынь. Ласка да духаў, то бо лік 5, разам зь лікам 2 даюць лік 7 — гэта Лейляк. А лік 7 — гэта ў стварэньні Пан, які дзеля духаў выйшаў праз Вароты ў стварэньне, праз Парцыфаля, празь лік 9.

Толькі на пачатку ёсьць Адзіны, Навышні, лік якога ў стварэньне — нуль і адзінка і лік якога — Альфа і Амэга.

Паглыбіся, чалавеча, у таямніцы лікаў. У іх асягнута Праўда. Дванаццаць лікаў — гэта дванаццаць тонаў, дванаццаць колераў.

На пачатку былі Альфа і Амэга, колер якіх для вас неспасьціжны. Зь іх паўстаў лік нуль, колер якога бязбытнасны і для вас неспасьціжны. А лік нуль — Слова, і гэтае Слова — Бог! А зь яго паўсталі ўсе лікі, усе колеры, усе тоны.

Лік 7, то бо колер сіні, азначае — Пан. Лік 5, то бо колер чырвоны, што азначае Ласку. Лік 3, то бо колер сярэбраны, што азначае Чыстату. Лік 1, то бо колер аранжавы, што азначае Сілу. Лік 8, то бо колер туркусовы, што азначае Волю. Лік 6, то бо колер залаціста-сярэбраны, што азначае Караля стварэньня. Лік 4, то бо колер зялёны, што азначае Надзею. Лік 2, то бо колер жоўты, што азначае Духа. Лік 9, то бо колер залаты, што азначае Вароты ў стварэньне.

Дзесяць лікаў ёсьць для стварэньня — дзесяць трэба ўжываць для талкаваньня рэчаў боскіх, шэсьць — для талкаваньня рэчаў людзкіх. Лікі тры, шэсьць і дзевяць, то бо Чыстата, празь якую Кароль стварэньня праз Вароты ў стварэньне стварыў стварэньне, і лік нуль, то бо Пачатак, што ёсьць бясконцасьцю, людзям ня дадзеныя.

Ведайце, што ўсё трымціць у тых Законах: чырвоны колер — лік 5, тон С і літары A, G, N, U; аранжавы колер — лік 1, тон D і літары B, H, O, X; жоўты колер — лік 2, тон Е і літары C, I, J, P, V; зялёны колер — лік 4, тон F і літары D, K, R, Y; туркусовы колер — лік 8, тон G і літары E, L, S, Z; сіні колер — лік 7, тон А і літары F, M, T, Q.

Не глядзіце, аднак, зямнымі вачыма на тое, што ня ёсьць зямным. Як Зямля ёсьць толькі кволым выбліскам больш высокіх роўняў стварэньня, так і зямныя колеры тонаў толькі кволыя адценьні жывых колераў у Вышынях.

Законы лікаў, што вам былі дадзеныя ў часе Суду, адрозьніваюцца ад Законаў, што дзейныя ў Тысячагадовым Уладарстве. Не забаўляйцеся зь імі і не параўноўвайце, бо няможна параўнаць непараўнальнае.

— — —
Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць