Быў некалі стары маёнтак, жылі ў ім маладыя шляхетныя гаспадары. Мелі яны багацце і добраславенне, цешыліся жыццём і рабілі дабро. Хацелі яны зрабіць усіх людзей такімі шчаслівымі, якімі былі яны самі.
У пярэдадзень Раства стаяла дзівосна аздобленая калядная ялінка ў старой рыцарскай зале, дзе гарэў агонь у камінах, а старадаўнія вобразы былі абвешаны яловымі галінкамі. Тут збіраліся гаспадары і госці, пачыналіся песні і танцы.
Уперад, падвечар, ужо панавала калядная вясёласць у чалядні. Тут тож стаяла вялікая ялінка з запаленымі чырвонымі і белымі свечкамі, дацкімі сцяжкамі, выразанымі лебедзямі і сетачкамі з каляровае паперы, напоўненымі ласункамі. Запрасілі бедных дзяцей з парафіі; кажны быў разам з сваёю мацераю. Тыя не надта глядзелі на дзерава, тыя глядзелі на калядныя сталы, дзе ляжала шарсцяная вопратка і сподняе, сукенкі і штаны. Так, туды глядзелі мацеркі і большыя дзеці, толькі самыя маленькія цягнуліся ручкамі да свечак, залацістых бліскавак і сцяжкоў.
Уся грамада сышлася адразу па палудні, атрымала каляднае кашы і смажаную гусь з чырвонаю капустаю. Пасля таго як калядную ялінку паглядзелі і падарункі раздалі, атрымаў кажны па чарачцы пуншу і пампуху́ з яблыкамі.
Яны вярнуліся дадому, у свае бедныя хацінкі, і там загаварылі пра «добрае жыццё», маючы на ўвазе ежу, і яшчэ раз як след пааглядалі падарункі.
Дык вось, былі паміж іх парабкі Кірстэн і Оле. Яны былі жанатыя і мелі прытулак ды хлеб надзённы за тое, што палолі і капалі ў панскім садзе. На кажны калядны фэст яны атрымвалі сваю ладную долю падарункаў; яны таксама мелі пяцёра дзяцей, усіх пяцярых адзявалі гаспадары.
«Дабрадзеі — нашыя гаспадары! — гаварылі парабкі. — Але яны могуць сабе тое дазволіць і знаходзяць у тым уцеху!»
«Займелі во добрую адзежку чатыром дзецям! — сказаў парабак Оле. — Але чаму тут нічога няма калеку? Яны маюць завядзёнку і пра яго тож падбаць, хоць ён і не бывае на фэсце!»
Калекам яны клікалі старэйшага з дзяцей, а так яго звалі Гансам.
Малым ён быў самым разумным і жвавым дзіцём, але раптам стаўся «слабы на ногі», як яны гэта называлі, ён не мог ні стаяць, ні хадзіць і ляжаў у ложку ўжо пяты год.
«А во, сёе-тое і для яго атрымала! — сказала маці. — Адно ж гэта не вельмі што, толькі кніга, ён можа яе пачытаць!»
«Сыты аб ёй не будзе!» — прамовіў бацька.
Але Ганс усцешыўся ёю. Ён быў надта кемлівым хлопчыкам, з радасцю чытаў, але таксама ахвяраваў час і працы, рабіў гэтулькі, колькі той, хто заўсёды мусіў ляжаць у ложку, мог зрабіць нечага патрэбнага. Ён быў спрытны, скарыстоўваў свае рукі, вязаў пруткамі шарсцяныя панчохі і нават цэлыя посцілкі; пані з маёнтка хваліла і купляла іх.
Кніга, якую атрымаў Ганс, была з казкамі; у ёй было шмат чаго пачытаць, шмат над чым падумаць.
«Няма карысці ад яе ў хаце! — гаварылі бацькі. — Але няхай чытае, хоць час прабавіць, не адно ж яму панчохі вязаць!»
Прыйшла вясна; пачалі прарастаць кветкі і зеляніна, але і пустазелле, як, напэўна, можна назваць крапіву, хаця надта ж цудоўна ідзецца пра яе ў псальме:
Дакладна будзе марнай мукай,
Калі ўсе схочуць каралі
Уладаю супольнай змусіць
Ліст крапівы расці з зямлі.
Многа працы таму было ў панскім садзе, не толькі садоўніку і яго вучням, але і парабкам Кірстэн і Оле.
«Адно рвём жылы! — гаварылі яны. — Якая карысць, што мы выпалем сцежкі і гожа іх упарадкуем, калі іх адразу затопчуць. Госці ў маёнтак ракою цякуць. Колькі гэта мусіць каштаваць! Але гаспадары — заможныя людзі!»
«Недарэчна ўсё размеркавана! — усклікнуў Оле. — Мы ўсе дзеці нашага Госпада, як кажа святар, дык чаму такая розніца!»
«Павялася ад грахоўнага ўпадку!» — сказала Кірстэн.
Яны зноў гутарылі пра тое ўвечары, калі Калека Ганс ляжаў з кнігаю казак.
Бядотныя варункі, цяжкая праца і заморанасць зрабілі рукі бацькоў загрубелымі, а іх саміх жорсткімі ў іх высновах і меркаваннях — не маглі яны высветліць існасці свае нядолі, не давалі рады, і гаварылі цяпер усё больш раздражнёна і злосна.
«Адным людзям выпадае дастатак і шчасце, другім — толькі галеча! Чаму праз непаслушнасць і цікаўнасць нашых продкаў мусім цярпець мы? Мы б не чынілі так, як тыя двое!»
«Але, чынілі б! — сказаў неўспадзеўкі Калека Ганс. — Пра ўсё эта ідзецца тут, у гэтай кнізе!»
«Пра што ідзецца ў кнізе?» — запыталіся бацькі.
І Ганс прачытаў ім старую казку пра дрывасека і яго жонку. Яны тож ганьбілі за цікаўнасць Адама і Еву, якіх вінавацілі ў сваіх няшчасцях. Тады ішоў міма кароль краіны. «Хадзем да мяне дамоў! — сказаў ён. — Там вы атрымаеце гэткія самыя даброты, што і я, па сем страў есці, але адна будзе стаяць проста так. Яна ў закрытай супніцы, вы не павінны яе чапаць, бо тады — усё па вашым панскім жыцці!» — «Што можа быць у супніцы?» — спытала жонка. «Што нам да таго!» — сказаў муж. «Але, і мне нецікава! — прамовіла жонка. — Я толькі хацела ведаць, чаму мы не смеем падняць накрыўкі; там, мусіць, нейкі дэлікатэс!» — «Каб жа не нейкая механіка! — сказаў муж. — А то бабахне такі стрэл, што ўспудзіць увесь дом!» — «О-ё-ёй!» — усклікнула жонка і не кратала супніцы. Але ўначы яна прысніла, што накрыўка паднялася сама і паплыў водар найцудоўнейшага пуншу, які атрымваюць толькі на вяселлях і хаўтурах. Ляжаў там і вялікі сярэбраны скілінг з надпісам: «Як вып’еце гэты пунш, станецеся дваімі самымі багатымі на свеце, а ўсе астатнія людзі стануцца галыцьбой!» — і ў тую хвіліну жонка прахапілася і расказала мужу свой сон. «Ты занадта пра тое думаеш!» — прамовіў ён. «Мы ж можам падняць памаленьку!» — сказала жонка. «Толькі памаленьку!» — адказаў муж. І жонка трошачкі падняла накрыўку. Адтуль выскачылі двое жвавых мышанят і зніклі ў сваёй норцы. «Дабранач! — сказаў кароль. — Цяпер вы можаце ісці дамоў і лажыцца на сваім. Не давайце больш ганьбы Адаму і Еве, і вы былі гэткімі самымі цікаўнымі і няўдзячнымі!» — —
«Адкуль гэтая гісторыя ўзялася ў кнізе? — спытаў парабак Оле. — Яна ж узапраўды як пра нас. Маем пра што моцна падумаць!»
Назаўтра яны зноў пайшлі на работу; іх высмаліла сонца і да касцей прамачыў дождж; унутры іх грызлі думкі, якія яны перажоўвалі як жвачку.
Увечары, калі ўсе пад’елі кашы на малацэ, дома было яшчэ светла.
«Прачытай нам ізноў гісторыю пра дрывасека», — сказаў парабак Оле.
«У гэтай кнізе многа цудоўных гісторый! — адказаў Ганс. — Многа такіх, якіх вы не ведаеце!»
«Дык мне гэта хоць бы што! — сказаў парабак Оле. — Я хачу паслухаць тую, якую ведаю!»
І яны з жонкаю паслухалі зноў.
Яшчэ не раз вярталіся яны вечарамі да тае гісторыі.
«Але не ўсё тут разумею добра! — сказаў парабак Оле. — З людзьмі, як з малаком, калі скісне; нешта робіцца далікатным сырам, а нешта пустою, вадзяністаю сыроваткаю! Некаторыя людзі ўва ўсім шчаслівыя, увесь век маюць высокі стан і не церпяць ні гора, ні нястачы!»
Гэта пачуў Калека Ганс. Меў ён слабыя ногі, але разумную галаву. Пачытаў ён ім з кнігі казак, чытаў «Чалавек, які не цярпеў гора і нястачы». Адно ж дзе такога было шукаць, хоць адшукаць яго мусілі?
Кароль ляжаў хворы, і яго нельга было вылечыць іначай, як надзець на яго кашулю, якую насіў і вынасіў на целе чалавек, які праўдзіва мог сказаць, што ніколі не цярпеў гора і нястачы.
Пасланцоў выправілі ўва ўсе краіны свету, ува ўсе замкі і маёнткі, да ўсіх заможных і шчаслівых людзей, але, калі іх дасканала распыталі, выявілася, што кажны зазнаў гора і нястачу.
«А я не зазнаў, — прамовіў свінапас, які сядзеў пры канаве, смяяўся і пеў: — Я самы шчаслівы чалавек!»
«Аддай нам тады сваю кашулю, — сказалі пасланцы, — табе заплацяць за яе паловаю каралеўства».
Але не меў ён ніякае кашулі — і ўсё ж называў сябе самым шчаслівым чалавекам.
«От файны хлапчына!» — усклікнуў парабак Оле, і яны з жонкаю засмяяліся так, як не смяяліся многа дзён і гадоў.
Міма якраз ішоў школьны вучыцель.
«Якія вы вясёлыя! — сказаў ён. — Рэдкае гэта здарэнне ў вашай хаце. Ці не выйгралі вы ў латарэю?»
«Не, гэта іншае! — сказаў парабак Оле. — Гэта Ганс, чытаў нам з кнігі казак, чытаў ён нам «Чалавек, які не цярпеў гора і нястачы», пра тое, што хлопец не меў ніякае кашулі. Уціраеш слёзы, як чуеш такое, да таго ж з друкаванае кнігі. Кажны, відаць, сваё ярмо валачэ; ніводны таго не ўнікне. Хоць колькі тэй уцехі».
«Адкуль вы ўзялі гэтую кнігу?» — спытаў вучыцель.
«Наш Ганс атрымаў яе на Раство больш за год таму. Гаспадары яму яе падарылі. Яны ведаюць, які ён ахвотнік да чытання і апроч таго калека! Мы б уважылі за лепшае, каб ён тады атрымаў дзве палатняныя кашулі. Але кніга дзівосная, усё роўна як адклікаецца на думкі!»
Вучыцель узяў кнігу і разгарнуў яе.
«Ану, зноўку тую гісторыю! — сказаў парабак Оле. — Я не ўразумеў яе яшчэ. Потым Ганс мусіць прачытаць і другую, пра дрывасека!»
Дзвюх гісторый для Оле цалкам ставала. Яны былі як два сонечныя прамяні ў беднай хаце, у гнятлівых думах, якія рабілі іх з жонкаю панурымі і бурклівымі.
А Ганс прачытаў усю кнігу, прачытаў яе шмат разоў. Казкі заносілі яго ў свет, у які ён не мог пайсці, бо яго не неслі ногі.
Вучыцель пасядзеў каля яго ложка; яны пагутарылі, і тое было прыемна ім абодвум.
З таго дня вучыцель часта прыходзіў да Ганса, калі бацькі былі на рабоце. Кажнае яго наведванне было для хлопчыка як фэст. Гэтак жа ён тады слухаў, што расказваў яму стары: пра памеры Зямлі і розных краін і што Сонца амаль у паўмільёна разоў большае за Зямлю і так далёка, што гарматнае ядро ляцела б з Сонца да Зямлі цэлых дваццаць пяць гадоў, тым часам прамяні святла дасягаюць Зямлі за восем мінут.
Цяпер пра тое ведае кажны здатны шкаляр, але для Ганса гэта было новым і нават больш цудоўным за ўсё, пра што ішлося ў казках.
Вучыцель некалькі разоў на год хадзіў на абед да гаспадароў маёнтка і аднойчы скарыстаўся выпадкам, каб расказаць, які ўплыў мае кніга казак у беднай хаце, як усяго дзве гісторыі спрыялі абуджэнню і сталіся добраславеннем. Кволы, але кемлівы хлопчык сваім чытаннем спрыяў роздуму і радасці ў хаце.
Калі вучыцель збіраўся з маёнтка дадому, пані ўсунула яму ў руку некалькі бліскучых сярэбраных далераў для малога Ганса.
«Няхай яны будуць бацьку з мацераю!» — сказаў хлопчык, калі вучыцель прынёс яму грошы.
І парабкі Оле і Кірстэн усклікнулі: «І ад Калекі Ганса маем карысць і добраславенне!»
Праз пару дзён, калі бацькі былі на рабоце ў маёнтку, каля хаты спынілася панская карэта; гэта прыехала зычлівая пані, радая, што яе калядны падарунак стаўся такою ўцехаю і прыемнасцю для хлопчыка і бацькоў.
Яна прывезла булак, садавіны і бутэльку салодкага соку; але самым цудоўным было, што прывезла яна ў пазалочанай клетцы чорную птушачку, якая ўмела даволі хораша свістаць. Клетку з птушкаю паставілі на старую камоду недалёка ад пасцелі хлопчыка, ён мог бачыць птушку і чуць яе; а людзі чулі яе спевы аж на прасёлку.
Парабкі Оле і Кірстэн прыйшлі дадому толькі пасля таго, як пані паехала; яны адчувалі, які шчаслівы быў Ганс, але ім здавалася, што атрыманы падарунак толькі дадаваў клопату.
«Багатыя ж людзі не думаюць як след! — гаварылі яны. — Няўжо мы цяпер мусім і яе даглядаць? Калека Ганс не зможа таго рабіць. Скончыцца тым, што яе схопіць кот!»
Мінуў тыдзень, мінуў другі; кот тым часам шмат разоў бываў у пакоі і нават не напалохаў птушкі, не тое каб нарабіў шкоды. А потым сталася важная падзея. Па палудні, калі бацькі і іншыя дзеці былі на рабоце, Ганс застаўся зусім адзін; ён дзяржаў у руках кнігу казак і чытаў пра рыбакову жонку, усе жаданні якое спаўняліся; захацела яна быць каралём — і сталася; захацела быць імператарам — і сталася; але потым захацела яна быць Госпадам Богам — і тады зноў сядзела яна ў той гразі, з якое выйшла.
У гісторыі гэтай не было аніякага намёку ні на птушку, ні на ката, проста Ганс чытаў уласна гэтую гісторыю, калі ўсё здзеялася; і ён запомніў тое назаўжды.
Клетка стаяла на камодзе, кот стаяў на падлозе, утаропіўшыся на птушку сваімі жоўта-зялёнымі вачыма. Была мысачка ката нейкаю такою, як ён хацеў сказаць птушцы: «Якая ты цудоўная! От бы цябе з’есці!»
Ганс змог тое ўразумець; ён прачытаў тое ўласна на кацінай мысачцы.
«Апсік, кашача! — закрычаў ён. — Выбірайся з хаты!»
Здавалася, што кот намеркаваў скочыць.
Ганс не мог дабрацца да яго, не меў чым шпурнуць, акрамя свайго самага дарагога скарбу, кнігі казак. Ён шпурнуў яе, але вокладка трымалася слаба, паляцела ў адзін бок, а сама кніга з усімі старонкамі паляцела ў другі бок. Кот павольна падаўся крыху назад і зірнуў на Ганса, як хацеў сказаць:
«Не ўблытвайся ты ў гэта, Гансіку! Я магу хадзіць, і я магу скакаць, а ты нічога з таго не можаш!»
Ганс сачыў ката і быў надта ўзрушаны; птушка тож узрушылася. Не было каго паклікаць; кот як ведаў тое; ён ізноў рыхтаваўся скочыць. Ганс замахаў на яго сваёю посцілкаю, бо рукамі ж ён мог карыстацца; але кот не зважаў на посцілку; і тады Ганс ёю ў ката кінуў, але марна, адным скокам той сеў на крэсла, а потым і на падваконне, дзе было бліжэй да птушкі.
Гансава кроў аж кіпела, але ён не думаў пра тое, ён думаў толькі пра ката і птушку; адно ж хлопчык не мог без помачы падняцца з ложка, не мог стаяць на нагах, а пагатоў хадзіць. Яго сэрца нібы абарвалася, калі ён убачыў, як кот скочыў з акна проста на камоду, наляцеў на клетку і перакуліў яе. Птушка там білася ў роспачы.
Ганс ускрыкнуў, сутаргава страпянуўся і без усякіх разваг ускочыў з ложка, кінуўся да камоды, сарваў ката і ўчапіўся ў клетку, дзе калацілася ад вялікага жаху птушка. Дзержучы клетку ў руцэ, ён выбег за дзверы на дарогу.
Тады слёзы пацяклі з яго вачэй; ён узвесяліўся і як моцы ставала выгукнуў: «Я магу хадзіць! Я магу хадзіць!»
Ён ізноў быў здаровым; такое можа здарыцца — і з ім гэта здарылася.
Вучыцель жыў зусім блізка; Ганс пабег да яго басанож, толькі ў кашулі і свэтары і з птушкай у клетцы.
«Я магу хадзіць! — гукнуў ён. — Госпадзе, Божа мой!» — і ён абліўся слязьмі чыстае радасці.
Колькі радасці было і ў хаце парабкаў Оле і Кірстэн. «Такога шчаслівага дня мы больш не зведаем!» — сказалі яны абое.
Ганса паклікалі ў маёнтак; ён не хадзіў тою дарогаю шмат гадоў; здавалася, што дрэвы і арэхавыя кусты, якія ён так добра знаў, ківалі яму і гаварылі: «Добры дзень, Гансе! Шчыра просім сюды!» Сонца свяціла яму ў твар і ў самае сэрца.
Гаспадары, маладая добраславёная пара з маёнтка, дазволілі яму сядзець з імі і выглядалі такімі шчаслівымі, як ён належаў да іх уласнае сям’і.
А самаю шчасліваю была пані, якая дала яму кнігу казак, дала яму пявучую птушачку; тая, праўда, акалела ад жаху, але гэта быў як сродак дзеля яго вылячэння, а кніга сталася для яго і ягоных бацькоў пабудкаю; ён усё яшчэ меў яе, хацеў захаваць яе і чытаць, у якім бы веку ні быў. Цяпер ён мог стацца карысным і дома. І хацеў навучыцца рамяства, найлепш зрабіцца пераплётнікам. «Тады, — сказаў ён, — я змагу чытаць усе новыя кнігі!»
Па палудні пані паклікала да сябе і бацькоў. Яна і яе муж гаварылі пра Ганса; ён быў пабожным і дабратлівым хлопчыкам, меў ахвоту і здольнасці да навукі. Наш Госпад заўжды з тым, хто дзее добра.
Таго вечара бацькі вярнуліся з маёнтка ўзапраўды шчаслівыя, асабліва Кірстэн, але на наступным тыдні яна плакала, бо малы Ганс ад’язджаў; яго добра адзелі; ён быў добры хлопчык; але цяпер меў выправіцца цераз мора, вельмі далёка, наведваць школу, лацінскую, і міне шмат гадоў, перш чым яны ўбачаць яго зноў.
Кнігу казак яму не аддалі, бацькі захацелі пакінуць яе сабе на ўспамін. І бацька часта чытаў з яе, але заўсёды толькі дзве гісторыі, вядомыя яму.
І яны атрымвалі лісты ад Ганса, адзін радаснейшы за другі. Ён быў з ласкавымі людзьмі, у добрых варунках; а самым уцешным было хадзіць у школу; шмат чаго трэба было навучыцца і ведаць; ён жадаў цяпер толькі жыць сто гадоў і стацца аднойчы школьным вучыцелем.
«От бы мы таго даждалі!» — гаварылі бацькі і сціскалі адно аднаму рукі, як перад алтаром.
«Вось дык штука зрабілася з Гансам! — сказаў Оле. — Наш Госпад думае і пра дзіця бедняка! І якраз на калеку тое выявілася! Здаецца, што Ганс прачытаў нам пра ўсё гэта з кнігі казак!»
Пераклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік
Крыніца:
https://www.andersenstories.com/da/andersen_fortaellinger/kroblingen