Жальба сэрца

Гісторыя, якую мы для вас маем, складаецца ўласна з дзвюх; першую можна было б і прамінуць, але яна дае ўступныя веды, а тое карысна! Мы спыніліся ў вёсцы ў маёнтку, і так здарылася, што гаспадары на дзень ад’ехалі. Тым часам з недалёкага мястэчка прыехала ўдава, яна мела з сабою мопса і заехалася, як яна сказала, прапанаваць «акцыі» свае гарбарні. Паперы былі пры ёй, і мы параілі заляпіць іх у канверт і напісаць на ім адрас гаспадара маёнтка: «Генерал-крыгскамісару[1], рыцару і гэтак далей».

Яна выслухала нас, узяла пяро, завагалася і папрасіла паўтарыць надпіс, але паволі. Мы гэтак і зрабілі, і яна пачала пісаць; але на «генерал-крыгс…» спынілася, уздыхнула і сказала: «Я ж толькі кабета!» Мопса яна, калі пісала, паставіла на падлогу, і ён загыркаў: яго ж усё-такі ўзялі з сабою дзеля ягонае прыемнасці і здароўя, а таму не мелі ставіць на падлогу. Сплюшчаны нос і тлустая спіна — так ён выглядаў.

«Ён не кусаецца! — сказала пані. — Не мае зубоў. Ён як сямейнік, верны і злосны, але гэта мае ўнукі яго раззлавалі; яны гуляюць у вяселле і хочуць, каб ён быў таварышкаю нявесты, а тое старога небараку стамляе!»

І яна аддала свае паперы і ўзяла мопса на рукі. Гэта першая гісторыя — без яе можна было б і абысціся!

«Мопс акалеў!» — гэта другая гісторыя.

Сталася тое праз тыдзень; мы прыехалі ў мястэчка і пасяліліся ў заезным доме. Нашыя вокны выходзілі на дварышча, якое плотам было падзелена на дзве паловы; у вадной з іх віселі скуры, сырыя і вырабленыя; тут месцілася ўсё, што мае быць у гарбарні, і яна належала ўдаве. Мопс акалеў гэтым ранкам і быў закапаны тут, у двары; удовіны ўнукі — гэта значыць унукі гаспадыні гарбарні, бо мопс быў нежанаты, — насыпалі магілку, і выйшла ў іх дзівосная магілка, прыемна, мусіць, было ляжаць у такой.

Магілку аблажылі чарапкамі ад гаршкоў і прыцерушылі пяском; у галавах уткнулі рыльцам угору піўную пляшачку, але не было ў тым аніякага намёку.

Дзеці пагоцалі вакол магілкі, і самы старэйшы хлопчык, практычны сямігадовы маладзік, прапанаваў паклікаць на агледзіны мопсавай магілкі і ўсю вуліцу; за ўваход мусілі плаціць гузікам ад шлейкі — яны ж былі на штоніках кажнага хлопчыка, а хлопчыкі маглі б правесці і дзяўчатак; і гэтую прапанову ў адзін голас прынялі.

І ўсе дзеці з вуліцы і завулка прыйшлі і ўзычылі свае гузікі; шмат было тых, хто хадзіў пасля палудня з адною шлейкай, затое яны ўбачылі мопсаву магілку, а прыгода была нечага варта!

Але за плотам гарбарні, каля самых варот, стаяла маленькая абарваная дзяўчынка, надта ж паглядная, з цудоўнымі кудзеркамі і вачыма, такімі блакітнымі і яснымі, што адна любата; яна не сказала ні слова, яна і не плакала, але штораз, калі вароты адчыняліся, заглядала так далёка, як магла. Яна не мела гузіка, усведамляла гэта і таму смутна стаяла звонку, стаяла, пакуль усе не паглядзелі і не разышліся; потым яна села на зямлю, закрыла карэлымі ручкамі вочы і аблілася слязьмі; адна яна не ўбачыла мопсавай магілкі. Была гэта жальба сэрца, такая вялікая, якая часта бывае ў дарослых.

Мы глядзелі на гэта згары, а гледзячы згары ці то на гэтую, ці то на ўсякую іншую, чужую ці сваю жальбу, пэўна ж можна з яе падсмяяцца! Вось такая гісторыя, а той, хто яе не разумее, можа набыць у ўдавы акцыі гарбарні.

Переаклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік

[1] Генерал-крыгскамісар — вайсковы кіраўнік, які дбаў, каб у войску ставала ежы і розных патрэбных рэчаў.

Крыніца: https://www.andersenstories.com/da/andersen_fortaellinger/hjertesorg