Снежная каралева

Сёмая гісторыя.

Што дзеялася ў замку Снежнае каралевы і што сталася пасля

Сцены замка былі з завірух, а вокны і дзверы — з сівернага ветру; там было больш за сто залаў: як снегам іх навеяла, так яны і месціліся; самая вялікая цягнулася на многа міль, усе яны, асветленыя моцным паўночным ззяннем, былі такія вялікія, такія пустыя, такія лядзяныя і такія зіхатлівыя. Тут ніколі не было вясёласці, нават гэткае, як невялічкі мядзведжы баль, калі віхура вытылінгвае, а белыя мядзведзі ходзяць на задніх лапах і могуць выявіць свае вытанчаныя манеры; ніколі не гулялі тут у карты з гырканнем і бойкамі на лапах; зусім ніколі не спаткаліся на каву паненкі белыя лісіцы; пуста, раскошна і халодна было ў залах Снежнае каралевы. Паўночнае ззянне выблісквала так дакладна, што можна было вылічыць, калі яно будзе наймацнейшым, а калі найслабейшым. Пасярэдзіне там, у пустой бясконцай снегавой зале, было замерзлае возера; яно растрэскалася на тысячы кавалкаў, але кажны кавалак быў акурат такі, як іншыя, што было запраўдным штукарствам; а ў цэнтры, калі была дома, сядзела Снежная каралева, і тады гаварыла яна, што сядзіць на люстэрку розуму і што яно асаблівае і найлепшае на гэтым свеце.

Малы Кай быў зусім ссінелы ад холаду, амаль чорны, але ён таго не заўважаў, бо ад яе пацалунку зрабіўся нечуллівым да сцюжы, і сэрца яго было як кавалак лёду. Ён цягаў сюды-туды некалькі плоскіх востраканцовых лядзяных аскепкаў, выкладаючы іх усякімі мажлівымі спосабамі, бо хацеў з іх нешта атрымаць; гэта было падобна на гульню, што называецца кітайскаю галаваломняю, калі мы складаем фігуры з дзеравяных дошчачак. Кай тож хадзіў і рабіў фігуры, надта мудрагелістыя, гэта была лядзяная галаваломня; у яго вачах фігуры былі проста цудоўныя і надзвычай важныя. От што нарабіла шкляная дробачка, якая засела ў яго воку! Ён выкладаў цэлыя фігуры, якія выглядалі напісаным словам, але ніяк не мог намеркаваць, каб скласці слова, якое ён уласна хацеў, то бо слова «Вечнасць»; і Снежная каралева сказала: «Як зможаш вынайсці гэтую фігуру, тады будзеш сам сабе панам і я падару табе ўвесь свет і пару новых канькоў». Але ён таго не мог.

«Зараз я палячу ў цёплыя краіны! — прамовіла Снежная каралева. — Хачу зазірнуць там у чорныя катлы! — яна мела на ўвазе горы, што дыхаюць агнём; Этна і Везувій іх яшчэ называюць. — Я іх трошкі пабялю! Так мае быць; гэта добра для лімонаў і вінаграду!» — і тады Снежная каралева паляцела, а Кай сядзеў сам-адзін у шматмільнай пустой лядзянай зале, і глядзеў на кавалкі лёду, і думаў, і думаў, аж шчымела ў галаве; зусім здранцвелы, сядзеў ён нерухома, можна было змеркаваць, што ён задубеў насмерць.

І тады малая Герда ўступіла ў замак праз вялікія вароты, прасечаныя ветрам; але яна чытала вячэрнюю малітву, і тады ляглі вятры, як хацелі спаць, і яна ступіла ў вялікія, пустыя, халодныя залы — тады яна ўбачыла Кая, яна пазнала яго, кінулася яму на шыю, абняла яго крэпка і ўсклікнула: «Каю! Мілы Кайчыку! Нарэшце я знайшла цябе!»

Але ён сядзеў зусім нерухома, здранцвелы і халодны; тады заплакала малая Герда гарачымі слязьмі, яны падалі яму на грудзі, праточваліся ў яго сэрца, расцяплялі кавалак лёду і раз’ядалі дробачку люстэрка ўсярэдзіне; ён зірнуў на Герду, а яна праспявала псальму:

Ружы ў далінах усцяж расцвітаюць,

Езус-дзіцятка нас там прывітае!

Тады зайшоўся Кай плачам; заплакаў ён так, што люстравая дробачка выкацілася з вока, ён пазнаў дзяўчынку і ўзрадаваўся: «Герда! Мілая Гердачка! Дзе была ты так доўга? А дзе быў я? — і ён разгледзеўся вакол. — Як тут холадна! Як тут пуста і раскошна!» — і ён моцна прытуліўся да Герды, а яна смяялася і плакала ад радасці; гэта было так добраславёна, што ад радасці нават кавалкі лёду танцавалі вакол, а калі яны стаміліся і ляглі, улегліся яны ўласна ў тыя літары, якія Снежная каралева сказала яму вынайсці, каб стаўся ён сам сабе панам, а яна ўзычыла яму ўвесь свет і пару новых канькоў.

І Герда пацалавала яго ў шчокі, і яны запунсавелі; яна пацалавала яго вочы, і яны засвяціліся, як у яе, яна пацалавала яго рукі і ногі, і ён зрабіўся здаровы і бадзёры. Няхай цяпер Снежная каралева вяртаецца дадому: яго вольная ляжыць тут, напісаная зіхатлівымі кавалкамі лёду.

І яны ўзяліся за рукі і выйшлі з вялікага замка; гаварылі пра бабулю і пра ружы ў паддашку; і там, дзе яны ішлі, зусім сціхаў вецер і ўрывалася туды сонца; і калі яны дабраліся да куста з чырвонымі ягадамі, там стаяў і чакаў паўночны алень; з ім была маладая аленіха, вымя якое было поўнае, і яна дала малым свайго цёплага малака і пацалавала іх у вусны. Потым алені занеслі Кая з Гердаю спярша да фінкі, дзе яны сагрэліся ў гарачай хаце і атрымалі параду наконт зваротнага шляху, потым да лапландкі, якая пашыла ім новае адзенне і падрыхтавала свае сані.

І паўночны алень з маладою аленіхаю скакалі потым побач і праводзілі іх аж да мяжы краіны, дзе паказалася першая зеляніна, дзе яны і развіталіся з аленямі і лапландкаю. «Бывайце!» — сказалі ўсе наўзаем. І зашчабяталі першыя птушачкі, у лесе зазелянелі пупышкі, і з яго выехала на шыкоўным кані, якога Герда знала (ён быў запрэжаны ў залатую карэту), маладая дзеўчына ў ярка-чырвонай шапцы на галаве і з пісталетам на баку; гэта была дзяўчынка-разбойніца, якая знудзілася дома і хацела цяпер спярша выправіцца на поўнач, а потым у другім кірунку, як не ўпадабае гэты. Яна адразу пазнала Герду, а Герда пазнала яе, вось было радасці.

«Файны ж ты, хлопча, бадзяга! — сказала яна малому Каю. — Хацела б я ведаць, ці варты ты, каб за табою мусілі бегчы на край свету!»

Але Герда пагладзіла яе па шчацэ і запыталася пра каралевіча і каралеўну.

«Яны паехалі на чужыну!» — сказала дзяўчына-разбойніца.

«А крумкач?» — спытала малая Герда.

«Крумкач памёр! — адказала дзяўчына. — Яго прысвойчаная каханая заўдавела, ходзіць з чорнаю ваўнянаю нітчынаю на лапцы, тужліва жаліцца, але ўсё гэта лухта! Апавядай мне зараз, як ты маешся і як ты яго дашукалася!»

І абое, Герда і Кай, апавядалі.

«От і казка ўся!» — сказала дзяўчына-разбойніца, узяла іх абоіх за рукі і абяцала, што калі яна аднойчы пойдзе цераз іх места, дык завітае іх адведаць, а потым паехала ў белы свет, а Кай і Герда пайшлі рука ў руку, і, дзе яны праходзілі, была чароўная вясна з кветкамі і зелянінаю; забомкалі царкоўныя званы, і яны пазналі высокія вежы, вялікае места, дзе яны жылі, і пайшлі туды, і да дзвярэй бабулі, і па лесвіцы, у пакой, дзе ўсё стаяла гэтаксама, як і раней, і гадзіннік казаў «цік-так», і стрэлкі круціліся; але калі Кай з Гердаю праходзілі праз дзверы, адчулі, што сталіся дарослымі людзьмі. Ружы на рыне квітнелі за расчыненымі вокнамі, стаялі там і дзіцячыя зэдлікі, Кай і Герда селі кажны на свой і трымалі адно аднаго за рукі, яны забыліся, як цяжкі сон, халодную пустую раскошу Снежнае каралевы. Бабуля сядзела на Божым ясным сонейку і ўголас чытала з Бібліі: «Калі не будзеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Божае Уладарства!»

І Кай з Гердаю паглядзелі наўзаем у вочы і адразу зразумелі старую псальму:

Ружы ў далінах усцяж расцвітаюць,

Езус-дзіцятка нас там прывітае.

Сядзелі яны абое, дарослыя і ўсё ж дзеці, дзеці ў сваіх сэрцах, і было лета, цёплае, добраславёнае лета.

Пераклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік