Снежная каралева

Шостая гісторыя.

Лапландка і фінка

 

Яны спыніліся каля дамка; быў ён надта несамавіты: страха датыкалася аж да зямлі, а дзверы былі такія нізкія, што сямейнікі мусілі поўзаць на жываце, як хацелі зайсці або выйсці. Дома тут нікога не было, акрамя старое лапландкі, якая стаяла і смажыла рыбу пры святле каганца; і паўночны алень расказаў ёй усю Гердзіну гісторыю, але спярша ўласную, бо яна здавалася яму больш важнай; а Герда так адубела, што не магла гаварыць.

«Ах вы, небаракі! — сказала лапландка. — Чакае вас яшчэ доўгая дарога! Мусіце выправіцца больш як за сто міль адсюль, у Фінмарк[1], бо там месціцца лецішча Снежнае каралевы і век мігціць штовечар блакітнае святло[2]. Напішу я некалькі слоў на сушанай трасцэ, бо не маю паперы, перадайце гэта фінцы, што жыве там, яна зможа парадзіць вам лепш за мяне!»

І пасля таго як Герда сагрэлася, атрымала есці і піць, лапландка напісала пару слоў на сушанай рыбе, загадала Гердзе добра яе глядзець, ізноў крэпка прывязала дзяўчынку да аленя, і той паскакаў прэч. «Шух! Шух!» — чулася згары ў паветры, гэта ўсю ноч шугала цудоўнае блакітнае паўночнае ззянне; і так дабраліся яны да Фінмарку і пагрукалі фінцы ў комін, бо яе жытло нават дзвярэй не мела.

Усярэдзіне было так горача, што сама фінка хадзіла лёгка адзетая; была яна невялічкая і даволі панурая; яна адразу расшпіліла вопратку малой Герды, зняла рукавіцы і боцікі, бо іначай тая б упарылася, палажыла на галаву аленю кавалак лёду, а потым прачытала, што напісана на сушанай рыбе; прачытала яна тры разы, аж ведала ўсё на памяць, і кінула рыбу ў гаршчок, бо тую ж можна было спакойна з’есці, а фінка ніколі нічога не марнавала.

Потым апавядаў алень спярша сваю гісторыю, пасля — малой Герды, а фінка часта міргала сваімі разумнымі вачыма, але нічога не сказала.

«Ты такая мудрая, — прамовіў паўночны алень. — Я ведаю, што ты можаш звязаць усе вятры свету адною швейнаю ніткаю; як капітан развяжа адзін вузел, будзе яму добры вецер, развяжа другі, тады падзьме мацней, а як развяжа трэці і чацвёрты, уздымецца гэткая бура, што лясы паваляцца. Няўжо ты не дасі дзяўчынцы зелля, каб яна магла атрымаць сілу дванаццаці волатаў і перамагчы Снежную каралеву?»

«Сілу дванаццаці волатаў, — сказала фінка. — От ёй з таго карысці!» — а потым падышла да паліцы, дастала вялікі скураны скрутак і разгарнула яго; на ім былі напісаны дзіўныя літары, і фінка гэтак учыталася, аж пот сцякаў з яе лба.

Але паўночны алень ізноў так моцна прасіў за малую Герду, а Герда глядзела такімі ўмольнымі вачыма, поўнымі слёз, што фінка зноў заміргала і адвяла аленя ў кут, дзе зашаптала, палажыўшы тым часам яму на галаву свежы лёд:

«Малы Кай узапраўды ў Снежнае каралевы, і ўсё яму там даспадобы, і мяркуе ён, і верыць, што гэта найлепшае месца на свеце, але рэч у тым, што аскепак шкла папаў яму ў сэрца, а шкляная дробачка ў вока; найперш трэба выняць іх, інакш ён ніколі не станецца чалавекам, а Снежная каралева захавае ўладу над ім!»

«Але хіба ты не можаш даць нешта малой Гердзе, каб яна атрымала ўладу над усім?»

«Я не магу даць ёй большай улады, чым яна ўжо мае! Ці ты не бачыш, якая тая ўлада вялікая? Ці ты не бачыш, як людзі і жывёлы павінны служыць ёй, як яна проста басанож зайшла так далёка ў свет? Яна не можа знайсці ў нас свае сілы, тая спачывае ў яе сэрцы, спачывае ў тым, што яна мілае нявіннае дзіця. Як яна сама не зможа дабрацца да Снежнае каралевы і выняць шкло з малога Кая, тады мы не зможам даць рады! За дзве мілі адсюль пачынаецца сад Снежнае каралевы, туды ты можаш занесці дзяўчынку; ссадзі яе ля вялікага куста з чырвонымі ягадамі, што стаіць у снезе, не мянці доўга языком і ўраз вяртайся сюды!» І тады пасадзіла фінка малую Герду на аленя, і ён пабег з усіх капытоў.

«Ой, я ж без боцікаў! Я ж без рукавіц!» — ускрыкнула малая Герда, як заўважыла тое на пякучым холадзе, аднак алень не пасмеў спыніцца, бег, пакуль не апынуўся ля вялікага куста з чырвонымі ягадамі; там ён ссадзіў Герду, пацалаваў яе ў вусны, і буйныя бліскучыя слёзы пацяклі па шчоках жывёліны, а потым з усіх капытоў ён пабег назад. І стаяла бедная Герда без абутку, без рукавіц пасярод жудаснага сцюжнага Фінмарку.

Яна пабегла наперад так шпарка, як магла; тым часам да яе набліжаўся цэлы полк снегавых камякоў; але яны не падалі з неба, бо было даволі ясна і свяціла паўночнае ззянне; камякі снегу несліся проста па зямлі і чым бліжэй падбягалі, тым большыя рабіліся; Герда ўспомніла яшчэ, якімі вялікімі і штучнымі выглядалі сняжынкі, калі яна разглядала іх праз запальнае шкло, але камякі тут узапраўды былі інакшымі, вялікімі і жудаснымі, яны былі жывыя, яны былі фарпостам Снежнае каралевы; мелі яны дзівотны выгляд; адныя выглядалі як пачварныя вялікія вожыкі, другія як цэлыя клубкі змей, што вытыркалі вонкі галовы, а іншыя як тоўстыя медзведзяняты, на якіх тапырылася поўсць, — усе зіхатліва-белыя, усе яны былі жывымі снегавымі камякамі.

Тады замалілася малая Герда малітвай «Ойча наш», і холад быў такі моцны, што яна магла бачыць уласнае дыханне; з яе вуснаў курылася; дыханне стала шчыльнела і ператваралася ў ясных анёлкаў, якія, дакрануўшыся да зямлі, вырасталі ўсё большымі і большымі; і ўсе яны мелі гелмы на галовах і дзіды і тарчы ў руках; іх болела і болела, і, калі Герда скончыла «Ойча наш», быў вакол яе цэлы легіён; яны праціналі сваімі дзідамі жудасныя снегавыя камякі так, што тыя разляталіся на сотні кавалачкаў, і малая Герда даволі ўпэўнена і бадзёра ступала наперад. Анёлы пагладжвалі яе па нагах і руках, і таму яна ўжо не так адчувала, які быў холад, і жвава ішла ўперад, да замка Снежнае каралевы.

Але цяпер мы перадусім мусім паглядзець, як маецца Кай. Ён, ведама, не думаў пра малую Герду, прынамсі пра тое, што яна стаяла каля замка.

[1] Фінмарк — край за Паўночным палярным кругам.

[2] Блакітнае святло — блакітнае палярнае ззянне.

Працяг будзе.
Пераклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік.