Пятая гісторыя.
Малая разбойніца
Яны ехалі цёмным лесам, але карэта бліскацела, як агонь, аж вока рвала разбойнікам, аж яны не маглі таго трываць.
«Золата! Золата!» — закрычалі яны, рынуліся наперад, спынілі коней, забілі фарэйтарчыкаў, вазніцу і слуг, а цяпер цягнулі малую Герду з павозкі.
«Бач, гладкая, бач, гожая, бач, арэшкамі выкармленая! — сказала старая баба-разбойнiца з доўгаю раскудлачанаю барадой i бровамі, навіслымі над вачыма. — Такая добрая, як укормлены баранчык! Ну, якая ж будзе на смак!» — і выцягнула яна тады свой бліскучы нож, і зіхцеў той так, што наганяў жаху.
«Аў! — ускрыкнула баба ў тую самую хвіліну, бо яе ўкусіла за вуха ўласная малая дачка, што вісела на яе плячах і была такою дзікай і непаслушнаю, што проста дзіва дзіўнае. — От, шалапутнае дзіця!» — прамовіла маці і не паспела забіць Герду.
«Яна мусіць гуляць са мною! — сказала малая разбойнiца. — Мусіць аддаць мне сваю муфту, сваю пекную сукенку, спаць ля мяне ў маім ложку!» — і так куснула зноў, аж баба-разбойніца падскочыла і закруцілася на месцы, а ўсе разбойнікі рагаталі і гаварылі: «Бач, як яна гоцае з сваёю малою!»
«Я хачу ў карэту! — прамовіла малая разбойніца, і яна магла і мелася настаяць на сваім, бо была яна надта раздуранай і надта настырнаю. Яны з Гердаю селі ўсярэдзіну, а потым паехалі па пнях і калючым кустоўем глыбей у лес. Малая разбойніца была гэткага самага росту, як Герда, але больш крэпкая, плячыстая і смуглявая; вочы яе былі зусім чорныя і глядзелі амаль смутна. Яна абняла малую Герду за плечы і сказала: — Яны не заб’юць цябе, пакуль я на цябе не раззлуюся! Ты ж, відаць, каралеўна?»
«Не», — адказала малая Герда i апавядала ёй усё, што перажыла, i як моцна шанавала малога Кая.
Дзяўчынка-разбойніца паглядзела на яе досыць сур’ёзна, злёгку кіўнула галавой і сказала: «Яны не заб’юць цябе, нават калі я на цябе раззлуюся, тады я сама канечне гэта зраблю!» — а потым яна ўцёрла Гердзе вочы і ўсунула абедзве свае рукі ў цудоўную муфту, што была такою мяккай і такою цёплаю.
Вось карэта спынілася; яны апынуліся пасярод дварышча разбойніцкага замка; ён быў патрэсканы згары аж да долу, зеўралі дзіркі, з якіх выляталі крумкачы і вароны, а вялікія бульдогі, кажны з якіх выглядаў здольным праглынуць чалавека, высока падскоквалі, але не брахалі, бо гэта было забаронена.
Пасярод вялізнае, старое, закуранае залы гарэла на каменнай падлозе вялікае вагнішча; дым цягнуўся пад столь і мусіў сам знаходзіць выхад; у вялікім піўным катле варылася поліўка, на ражне варочалі зайцоў і трусоў.
«Сёння ноччу ты будзеш спаць тут са мною, каля ўсіх маіх жывёлак!» — сказала дзяўчынка-разбойніца. Яны атрымалі есці і піць, а потым пайшлі ў кут, дзе ляжала салома і дываны. Уверсе над імі, на латах і жэрдачках, сядзела амаль сотня галубоў, якія, здавалася, спалі, але ўсё ж крыху заварушыліся, як дзяўчаткі прыйшлі.
«Усе яны мае! — сказала малая разбойнiца, спрытна схапiла аднаго з найблiжэйшых, і, трымаючы яго за лапкі, страсянула так, што той залопаў крыламi. — Пацалуй яго! — крыкнула яна і тыцнула ім Гердзе ў твар. — Вунь там сядзяць лясныя шэльмы! — працягвала яна і паказала на дзеравяныя краты, за якімі высока ў муры была прабіта дзірка. — Яны лясныя шэльмы, тыя двое! Адразу зляцяць, як іх добра не замкнеш; а тут стаіць мой даўні ўлюбленец Бэця! — і яна тарганула за рог паўночнага аленя, які меў на шыі бліскучы медны абруч і быў навязаны. — Яго тож мусім прытрымваць, а то паскача ад нас. Штовечар я казычу яму шыю сваім вострым нажом, ён так таго баіцца!» — і дзяўчынка выцягнула са шчыліны ў сцяне доўгі нож і слізганула ім па шыі аленя; бедная жывёліна падбрыкнула, а дзяўчынка-разбойніца засмяялася і пацягнула Герду на ложак.
«Збіраешся спаць з нажом?» — спыталася Герда, і выглядала яна крыху спалоханаю.
«Я заўжды сплю з нажом! — сказала малая разбойнiца. — Ніколі не ведаеш, што можа здарыцца. Але цяпер апавядай нанова, што ты апавядала мне раней пра малога Кая і чаму ты пайшла ў белы свет». І Герда апавядала спачатку, і лясныя галубы буркавалі ўгары ў клетцы, іншыя галубы спалі. Малая разбойнiца абвіла рукою Гердзіну шыю, у другой руцэ яна дзяржала нож i, заснуўшы, моцна засапла; але Герда ані не магла злажыць вачэй, яна не ведала, будзе жыць ці памрэ. Разбойнікі сядзелі вакол агнішча, пелі і пілі, а баба-разбойніца кулялася. Ох, дзяўчынцы было даволі жудасна на тое глядзець!
Тады сказалі лясныя галубы: «Бурр, бурр! Мы бачылі малога Кая. Белая курыца несла яго санькі; ён сядзеў у санях Снежнае каралевы, якія ляцелі нізка над лесам, калі мы яшчэ ляжалі ў гняздзе; яна дзьмухнула на нас, птушанят, і ўсе, акрамя нас дваіх, памерлі. Бурр! Бурр!»
«Што вы там угары кажаце? — закрычала Герда. — Куды паехала Снежная каралева? Ці ведаеце вы што пра гэта?»
«Яна, пэўна, падарожавала ў Лапландыю, бо там век снег і лёд! Проста спытайся паўночнага аленя, які стаіць прывязаны вяроўкаю».
«Там лёд і снег, там хораша і добра! — сказаў паўночны алень. — Там можна вольна скакаць па вялікіх зіхатлівых далінах! Там Снежная каралева мае свой летні шацёр, але яе нерухомы замак месціцца вышэй, блізка паўночнага полюса, на востраве, што завецца Шпіцберген!»
«О, Кай, малы Кай!» — уздыхнула Герда.
«Ляжы ўжо спакойна! — прамармытала дзяўчынка-разбойніца. — А то атрымаеш нажом у бруха!»
Раніцою Герда расказала ёй усё, што гаварылі лясныя галубы, і малая разбойніца выглядала вельмі сур’ёзнаю, кіўнула толькі галавой і прамовіла: «Добра! Добра. Ты ведаеш, дзе Лапландыя?» — спытала яна потым аленя.
«Хто мае лепш ведаць, як я, — сказала жывёліна, і яе вочы заблішчэлі. — Там я нарадзіўся і гадаваўся, там я скакаў па снежных раўнінах!»
«Слухай! — сказала дзяўчынка-разбойніца Гердзе. — Ты бачыш, што ўсе нашыя людзі адышлі, толькі маці тут, і яна застанецца, але ўранні яна п’е з вялікае пляшкі і потым крыху дрэмле наверсе; вось тады я нешта для цябе зраблю! — І яна ўскочыла з ложка, абхапіла мацеру за шыю, тузанула яе за бараду і сказала: — Козліку мой любы, добрага дня!» А маці дала ёй такую сліўку, што нос яе пачырванеў і пасінеў, але было гэта ўсё толькі ад любові.
Калі потым маці выпіла з свае пляшкі і трохі задрамала, падышла дзяўчынка-разбойніца да аленя і сказала: «Я магла б атрымаць неймавернае задавальненне яшчэ шмат разоў, як казытала б цябе вострым нажом, бо ты тады такі пацешны, але ж добра — я перарэжу тваю вяроўку і памагу табе выбрацца, абы ты змог уцячы ў Лапландыю, але ты мусіш узяць ногі на плечы і занесці гэтую дзяўчынку ў замак Снежнае каралевы, туды, дзе яе брат, з якім яна гуляла. Ты ж напэўна чуў, што яна апавядала, бо гаварыла яна досыць гучна, а ты падслухваеш!»
Алень падскочыў ад радасці. Дзяўчынка-разбойніца пасадзіла на яго малую Герду, і дзеля пэўнасці крэпка яе прывязала, і нават дала ёй падушачку замест сядла. «Добра, — сказала яна, — вось табе твае боты на футры, бо будзе холадна, а муфту я пакіну, надта яна гожанькая! Усё ж не маеш мерзнуць, вось табе мацерыны вялікія рукавіцы, яны дастануць табе аж па локці. Сунь рукі! Цяпер твае рукі выглядаюць, як у мае брыдкае мацеры!»
І Герда заплакала ад радасці.
«Не магу трываць, як ты кныхаеш! — сказала малая разбойнiца. — Уласна цяпер маеш выглядаць вясёлаю! Вось табе два боханы хлеба і кумпяк, каб не мусіла галадаць». Адно і другое было прывязана да спіны аленя; малая разбойніца адчыніла дзверы, завабіла ўсіх вялікіх сабак усярэдзіну, а потым перарэзала сваім нажом вяроўку і сказала аленю: «Дык бяжы! Але добра глядзі дзяўчынку!»
І Герда выпрастала рукі ў вялікіх рукавіцах да дзяўчынкі-разбойніцы і развіталася, і тады паляцеў алень па кустах і пнях, вялікім лесам, балотамі і стэпамі — дзе толькі мог. Вылі ваўкі і крычалі крумкачы. «Шух! Шух!» — пачулася з неба. Было тое, як яно чхала чырвоным.
«Вось маё любае паўночнае ззянне! — сказаў алень. — Бач, як шугае!» І бег ён потым яшчэ шпарчэй, ноччу і днём; хлеб быў з’едзены, кумпяк з ім; а потым яны апынуліся ў Лапландыі.
Працяг будзе.
Пераклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік.