Чацвёртая гісторыя.
Каралевіч і каралеўна
Герда зноў мусіла адпачыць; тым часам выскачыў на снег, якраз проці месца, дзе яна села, вялікі крумкач, доўга сядзеў, глядзеў на яе і круціў галавою; потым загаварыў: «Кру! Кру! Да’ррыдзе’! Да’ррыдзе’!» Лепш ён не мог вымавіць, але паставіўся да дзяўчынкі прыязна і спытаўся, куды тая ідзе сама-адна па белым свеце. Тыя словы «сама-адна» Герда разумела надта добра i праўдзіва адчувала, як многа ў іх месціцца, і тады яна апавядала крумкачу пра ўсё сваё жыццё i долю i спытала, цi не бачыў той Кая.
І крумкач задуменна кіўнуў і прамовіў: «Мабыць! Мабыць!»
«Што, праўда!» — закрычала дзяўчынка і сціснула крумкача ледзьве не да смерці, так жа яго пацалавала.
«Памаленьку, памаленьку! — сказаў крумкач. — Мяркую, што ведаю, мяркую, што гэта можа быць малы Кай! Але цяпер ён, пэўна, забыўся пра цябе дзеля каралеўны!»
«Ён жыве ў нейкае каралеўны?» — спытала Герда.
«Жыве, слухай! — сказаў крумкач. — Адно ж мне надта цяжка гаварыць на тваёй мове. Калі ты разумееш крумкачыную мову, я б табе найлепш расказаў!»
«Не, я гэтага не вучылася! — сказала Герда. — Але бабуля яе знае і ўмее на розных лемезнях[1]. Каб жа і я таго навучылася!»
«Нічога не зробіш! — мовіў крумкач. — Я раскажу гэтак, як змагу, хоць і будзе нікуды не варта», — і потым расказаў, што ведаў.
«У гэтым каралеўстве, дзе мы цяпер сядзім, жыве каралеўна, такая неймаверна разумная, яна ж таксама прачытала ўсе газеты на свеце і забылася пра тое, што прачытала, — такая яна разумная. Надоечы сядзіць яна на стальцы, што ўрэшце не так і забаўна, як гавораць, і пачынае напяваць песеньку, уласна такую: „Чаму б мне не выйсці замуж!“ „Бач, у тым нешта ёсць“, — кажа яна, і тады ёй захацелася замуж, але яна хацела мець мужа, які б разумеў, што адказаць, калі з ім загутарыш, а не стаяў бы толькі ды выглядаў самавітым, — гэта ж так нудна. І загадвае яна сабраць бубенным боем усіх прыдворных паняў, а калі тыя пачулі, чаго яна хоча, так узрадаваліся: „Нам гэта надта даспадобы! — загаманілі яны. — Пра нешта такое мы тож нядаўна думалі!“ Павер, што праўдзівае ўсякае слова, што я кажу! — прамовіў крумкач. — Ма́ю нявесту, яна свойская і свабодна ходзіць па замку, і яна ўсё мне расказала!»
Ведама, яго нявеста была крумкачыхаю, бо роўны з роўнага цешыцца, а гэта пэўна ж крумкачыха.
«Пільна выйшлі газеты, аблямаваныя сэрцайкамі і вензелямі каралеўны; там можна было прачытаць, што ўсякі паглядны маладзік смее вольна зайсці ў замак і пагутарыць з каралеўнай, а за таго, хто будзе гаварыць, нібыта пачуваецца дома, і гаварыць найлепш за ўсіх, каралеўна хацела выйсці замуж! Так, так! — сказаў крумкач. — Можаш мне верыць, гэта такая самая праўда, як і тое, што я тут сяджу; люд валам валіў, была таўкатня і мітусня, але нічога не выйшла ні ў першы, ні ў другі дзень. Усе яны ўмелі добра гаварыць, як былі вонкі, але, як уваходзілі ў замкавыя вароты і бачылі варту ў серабры, і на лесвіцы лёкаяў у золаце, і вялікія асветленыя залы, надта бянтэжыліся; і стаялі яны перад стальцом, дзе сядзела каралеўна, і не ведалі, што сказаць, толькі паўтаралі апошняе слова, што яна прамовіла, а яна не хацела чуць таго зноў. Гэта было, як людзі там наглыталіся нюхальнага тытуню ў жываты і агарнуў іх сон, пакуль не выйшлі яны зноўку надвор, — так, тады яны ўжо маглі гаварыць. Чарга стаяла проста ад мескіх варот да замка. Я сам быў усярэдзіне, каб убачыць гэта! — сказаў крумкач. — Яны былі і галодныя, і асмяглыя, але не атрымалі з замка анічога, ані шклянкі цёплае вады. Балазе, некаторыя, відаць самыя разумныя, узялі з сабою лусты, але яны не дзяліліся з суседзямі, кажны думаў: „Няхай ён выглядае галодным, тады каралеўна за яго не пойдзе!“»
«Але Кай, малы Кай! — пыталася Герда. — Калі прыйшоў ён? Быў ён паміж іншых?»
«Чакай! Чакай! Мы якраз дабраліся да яго! На трэці дзень паявіўся хлопец без каня і брычкі, даволі адважна ішоў аж да замка; яго вочы свяціліся, як у цябе, ён меў цудоўныя доўгія валасы, але жабрацкае адзенне!»
«Гэта быў Кай! — узрадавалася Герда. — О, значыцца, я знайшла яго!» — і яна запляскала ў ладкі.
«Ён меў на плячах невялікую кайстру!» — прамовіў груган.
«Не, мусіць, гэта былі яго санькі! — усклікнула Герда. — Ён жа зышоў з санькамі!»
«Можа і так! — сказаў крумкач. — Я не надта пільна ўглядаўся! Але я ведаю гэта ад мае свойскае нявесты, што калі ён увайшоў праз замкавыя вароты і ўбачыў лейб-гвардыю ў сярэбраным і на лесвіцы лёкаяў у залатым, дык ані не збянтэжыўся, а кіўнуў ім і мовіў: „Мусіць, нудна стаяць так на лесвіцы, пайду я лепш усярэдзіну!“ Залы зіхацелі вагнямі, тайныя дарадцы і яснавяльможныя паны хадзілі без ботаў і насілі залатыя пасудзіны; больш урачыста, напэўна, і няма куды! Ягоныя боты надта гучна рыпалі, адно ж ён не спалохаўся!»
«Гэта напэўна Кай! — усклікнула Герда. — Я ведаю, ён меў новыя боты, я чула, як яны рыпалі ў бабуліным пакоі!»
«Але, яны рыпалі! — сказаў крумкач. — І ён бадзёра пайшоў проста да каралеўны, якая сядзела на перліне, вялікай, як кола ад калаўрота, і ўсе прыдворныя пані з іх служанкамі і служанкамі служанак, і ўсе кавалеры з іх слугамі і слугамі слуг, якія самі мелі памочнікаў, стаялі шэрагамі навокал, і чым бліжэй яны стаялі да дзвярэй, тым ганарысцей выглядалі. А на памочніка слугавага слугі, які заўжды хадзіў у пантофлях, ты наўрад ці адважылася б зірнуць — так ганарыста ён стаяў у дзвярах!»
«Гэта, мусіць, было жахліва! — сказала малая Герда. — А Кай пабраўся з каралеўнаю?»
«Як бы я не быў крумкачом, я б сам з ёю пабраўся, хоць я і заручаны. Мусіць, ён гаварыў уласна так добра, як я гавару, калі гавару на крумкачынай мове, я пераняў гэта ад мае свойскае нявесты. Ён пачуваўся вольна і быў прыязны; ён прыйшоў ані не сватацца, прыйшоў адно толькі паслухаць мудрыя размовы прынцэсы, і яна ўпадабала яго, а ён упадабаў яе!»
«Так, ведама! Гэта быў Кай! — сказала Герда. — Ён быў такі разумны, што ў галаве ўмеў лічыць з дробамі! О, ці не мог бы ты завесці мяне ў замак!»
«Ага, лёгка сказаць! — прамовіў крумкач. — Але як мы тое зробім? Я абмяркую гэта з сваёю свойскаю сяброўкаю; яна нам напэўна парадзіць; мушу табе сказаць, што такой дзяўчынцы, як ты, згодна з парадкамі ніколі не дазволяць туды ўвайсці!»
«О, я дам рады! — усклікнула Герда. — Калі Кай пачуе, што я тут, ён адразу прыйдзе па мяне!»
«Пачакай мяне там, ля кратаў!» — сказаў крумкач, страсянуў галавой і паляцеў.
Аж калі настаў вечар і сцямнела, крумкач вярнуўся назад: «Кру! Кру! — загаварыў ён. — Маю павітаць цябе ад яе шмат разоў! І вось табе трохі хлеба, яна ўзяла з кухні, там хлеба досыць, а ты, пэўна, галодная! Немажліва, каб ты ўвайшла ў замак, ты ж босая; варта ў серабры і лёкаі ў золаце гэтага не дазволяць; але не плач, ты ўсё роўна туды пападзеш. Мая каханая ведае заднюю лесвічку, якая вядзе ў спальню, і яна ведае, дзе ўзяць ключ!»
I яны зайшлi ў сад, на вялiкую алею, дзе адзiн лiст ападаў за другім, i, калi ў замку памалу пагасла святло, крумкач павёў малую Герду да задніх дзвярэй, якiя былі прачынены.
Ох, як забіла Гердзіна сэрца ад трывогі і тугі! Як яна збіралася зрабіць нешта дрэннае, а яна хацела толькі ведаць, ці быў гэта малы Кай; так, гэта мусіў быць ён; яна так выразна ўявіла яго разумныя вочы, яго доўгія валасы; ясна ўбачыла, як ён усміхнуўся тады, калі яны сядзелі дома пад ружамі. Ён напэўна быў бы рады пабачыць яе, пачуць, якую доўгую дарогу яна прайшла дзеля яго, даведацца, як смутна было ўсім дома, калі ён не вярнуўся. О, яна не помніла сябе ад страху і радасці!
Вось яны ўжо падняліся па лесвіцы; на шафцы гарэла невялікая лямпа; пасярэдзіне на падлозе стаяла свойская крумкачыха, круціла галавою на ўсе бакі і разглядала Герду, якая пакланілася, як яе вучыла бабуля.
«Мой жаніх так хораша расказваў пра вас, мая панначка, — прамовіла свойская крумкачыха, — вашая, як той казаў, віта[2] тож вельмі ўражвае! Ці не возьмеце вы лямпу, а я пайду наперад. Мы пойдзем проста, бо там нікога не спаткаем!»
«Мне здаецца, нехта ідзе за намі ззаду!» — сказала Герда, і нешта пранеслася міма яе; гэта было, як цені на сцяне: разляталіся конскія грывы, імчалі танканогія коні, вярхом на якіх былі хлопцы-лаўцы, паны і пані.
«Гэта толькі сны! — сказала крумкачыха. — Яны прыходзяць і адводзяць на паляванне думкі яснавяльможнага панства, адно ж і добра, так вы лепш разгледзіце іх у ложку. Але дазвольце мне спадзявацца, што як вы дасягняце высокага стану і шанавання, то пакажаце, што маеце ўдзячнае сэрца!»
«Будзь пэўная!» — сказаў лясны крумкач.
Вось увайшлі яны ў першую залу, дзе сцены былі ў пунсовым атласе, затканым кветкамі; тут ізноў сны праімчалi мiма iх, але так хутка, што Герда не ўгледзела яснавяльможнага панства. Адна зала была пышнейшаю за другую; так, тут можна было ўдосталь надзівіцца; і вось яны апынуліся ў спальні. Столь тут была падобна да вялікае пальмы з лісцем са шкла, каштоўнага шкла, а пасярэдзіне віселі на тоўстым залатым сцябле два ложкі, кажны падобны на лілею: адзін быў белы, у ім ляжала каралеўна; другі быў чырвоны, і ў ім Герда мела шукаць малога Кая; яна адгарнула адзін з чырвоных пялёсткаў і ўбачыла каштанавую патыліцу. О, гэта быў Кай! Яна даволі гучна выкрыкнула яго імя, паднесла да яго лямпу (сны на конях праімчалі назад у гасцёўню), ён прачнуўся, павярнуў галаву і — гэта быў не малы Кай.
Каралевіч быў падобны на яго толькі з патыліцы, але быў ён малады і паглядны. А з белае лілеі-пасцелькі выглянула каралеўна і спыталася, што дзееца. Тады заплакала малая Герда і расказала ўсю сваю гісторыю і пра ўсё, што зрабілі для яе крумкачы.
«Вось бедненькая!» — усклікнулі каралевіч і каралеўна, і пахвалілі крумкачоў, і сказалі, што зусім не гневаюцца на іх, але каб яны не рабілі так больш. Адно ж яны павінны атрымаць узнагароду.
«Хочаце вольна лётаць, — спытала каралеўна, — альбо хочаце штатныя пасады прыдворных крумкачоў з усiмі астаткамі з кухнi?»
І абодва крумкачы пакланіліся, і папрасіліся на штатныя пасады, бо яны думалі пра сваю старасць, і прамовілі: «Добра ж мець нешта на стары век», — як яны гэта назвалі.
А каралевіч устаў з свайго ложка, і даў Гердзе ў ім паспаць, і больш нічога не мог для яе зрабіць. Яна склала свае ручкі і падумала: «Якія ж людзі і жывёлы добрыя», — а потым заплюшчыла вочы і шчасна заснула. Усе сны зноў прыляцелі і выглядалі яны ўжо як Божыя анёлы, і яны цягнулі санькі, у іх сядзеў Кай і ківаў; але гэта быў толькі сон, і таму ён адразу знік, як яна прачнулася.
Назаўтра яе адзелі ад галавы да пят у шоўк і аксаміт; ёй прапанавалі застацца ў замку і добра бавіць дні, але яна папрасіла толькі невялікую брычку з канём і пару боцікаў, бо хацела зноў выправіцца ў белы свет і знайсці Кая.
І яна атрымала і боты, і муфту; была яна надта хораша адзета, а калі захацела з’ехаць, спынілася перад дзвярыма новая карэта з чыстага золата; герб каралевіча і каралеўны ззяў на ёй, як зорка; вазніца, слугі і фарэйтары, бо былі таксама і фарэйтары, мелі на адзенні залатыя кароны. Каралевіч і каралеўна памаглі ёй сесці ў карэту і пазычылі поспеху. Лясны крумкач, цяпер ужо жанаты, праводзіў яе першыя тры мілі; сядзеў ён побач з ёю, бо не трываў ездзіць задам напярод; крумкачыха стаяла ў варотах і махала крыламі, яна не паехала разам з імі, таму што пакутавала ад галаўнога болю — з тае пары як атрымала штатную пасаду і пачала зашмат есці. Усярэдзіне карэта была завалена цукровымі крэндзелямі, а пад сядзеннем ляжала садавіна і перцавыя арэшкі[3].
«Бывай! Бывай!» — крычалі каралевіч і каралеўна, а малая Герда плакала, і крумкач плакаў — так яны праехалі першыя мілі; потым і крумкач тож развітаўся, і было гэта самым цяжкім расстаннем; ён узляцеў на дзерава і махаў сваімі чорнымі крыламі, пакуль мог бачыць карэту, якая зіхцела, бы яркае сонца.
[1]Лемезень — гэта таемная мова. Словы ў ёй ствараюць перастаўленнем гукаў, складоў, дадаваннем іх да звычайных слоў або іх скарачэннем. Лемезнямі карысталіся, напрыклад, рамеснікі, каб захаваць сакрэты свайго майстэрства. Дзеці таксама любяць таемныя мовы — у розных грамадках прыдумляюць свае, асаблівыя словы.
[2] Віта (з лац. vita) — жыццё.
[3] Перцавыя арэшкі — дацкае печыва са спецыямі, мае памер з лясны арэх.
Працяг будзе.
Пераклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік.