Снежная каралева

Трэцяя гісторыя.

Кветнік жаны, якая знала чарадзейства

 

Але як мелася малая Герда, калі Кай не вярнуўся? Хаця дзе ён быў? Ніхто не ведаў таго, ніхто не мог даць адказу. Хлопчыкі гаварылі толькі, што бачылі, як ён прывязваў свае санькі да цудоўных вялікіх саней, якія выехалі на вуліцу і праз мескія вароты. Ніхто не ведаў, дзе ён, многа слёз лілося, малая Герда плакала надта моцна і доўга; потым сказалі, што ён мёртвы, патануў у рацэ, якая цякла каля самага места. Ох, як доўга міналіся гэтыя маркотныя зімовыя дні!

І вось прыйшла вясна, пачало саграваць сонечнае святло.

«Кай памёр і яго няма!» — сказала малая Герда.

«Не веру!» — прамовіла сонечнае святло.

«Ён памёр і яго няма!» — сказала яна ластаўкам.

«Не верым!» — адказалі яны, і ўрэшце перастала верыць і малая Герда.

«Абую ж я свае новыя чырвоныя чаравічкі, — сказала яна аднае раніцы, — Кай іх ніколі не бачыў, а потым сыду да ракі і папытаюся ў яе!»

А было даволі рана; яна пацалавала старэнькую бабулю, якая спала, абула чырвоныя чаравічкі і пайшла сама-адна праз вароты да ракі.

«Ці праўда, што ты забрала майго браціка, з якім я гуляла? Я падару табе свае чырвоныя чаравічкі, як ты аддасі мне яго назад!»

І хвалі, здалося ёй, ківаюць неяк дзіўна; тады ўзяла яна свае чырвоныя чаравічкі, самае дарагое, што мела, і кінула іх абодва ў раку, але яны ўпалі каля самага берага, і невысокія хвалі проста адразу выкінулі іх на сушу, як рака не хацела браць самага дарагога, што дзяўчынка мела, бо рака ж не мела малога Кая; але Герда змеркавала цяпер, што яна кінула чаравічкі нядосыць далёка, і тады ўлезла яна ў лодку, якая была ў чароце, прайшла аж у другі яе канец і кінула чаравічкі; але лодка была прывязана някрэпка і ад руху, які Герда зрабіла, слізганула ад зямлі; дзяўчынка заўважыла гэта і заспяшалася ўцячы, але, пакуль дайшла назад, лодка была за локаць ад берага і цяпер шыбка слізгацела ўперад.

Тады малая Герда надта злякнулася і кінулася ў слёзы, але ніхто не пачуў яе, акрамя вераб’ёў, але яны не маглі вынесці яе на зямлю, а ляцелі ўздоўж берага і пелі, бы ўсцешвалі яе: «Мы тут! Мы тут!» Лодка неслася за вадою; малая Герда сядзела даволі ціха ў вадных панчохах; яе чырвоныя чаравічкі плылі ззаду, але не маглі дасягнуць лодкі, яна набрала вялікую хуткасць.

Хораша было на абодвух берагах: цудоўныя кветкі, старыя дрэвы і схілы з авечкамі і каровамі — але ніводнага чалавека не было відаць.

«Можа, рака нясе мяне да малога Кая», — падумала Герда, і тады гумор яе палепшыўся, яна ўстала і многа гадзін назірала гожыя зялёныя берагі; потым яна падплыла да вялікага вішнёвага саду, дзе быў дамок з дзівотнымі чырвонымі і сінімі шыбкамі, дарэчы і з саламянаю страхой, а звонку — з двума дзеравянымі жаўнерамі, якія ружжамі аддавалі гонар тым, хто праплываў міма.

Герда гукнула іх, думала, што яны былі жывыя, але яны, ведама, не адказалі; яна падплыла да іх зусім блізка, рака гнала лодку проста да зямлі.

Герда паклікала яшчэ крапчэй, і тады, апіраючыся на кульбаку, выйшла з дамка вельмі старэнькая жана; на ёй быў шырокі капялюш ад сонца, размаляваны дзівоснымі кветкамі.

«Беднае дзіцятка! — сказала старэнькая жана. — Як жа ты трапіла на гэтую вялікую, быструю раку, заплыла так далёка ў белы свет!» — і тады зайшла старая аж у ваду, зачапіла сваёю кульбакаю лодку, падцягнула яе да берага і высадзіла малую Герду.

І Герда была рада, што апынулася на сушы, але ж пабойвалася чужое старэнькае жаны.

«Дык хадзі і раскажы мне, хто ты і як трапіла сюды!» — прамовіла тая.

І Герда апавядала ёй усё; і старая ківала галавой і гаварыла: «Хм! Хм!» А калі Герда ўсё расказала ёй і спытала, ці не бачыла яна малога Кая, кабета прамовіла, што ён не праходзіў міма, але дакладна пройдзе, што Герда толькі не павінна журыцца, а мае пакаштаваць яе вішань, паглядзець яе кветкі — яны харашэйшыя за якую-колечы кнігу з малюнкамі, кажная з іх магла расказаць цэлую гісторыю. Потым узяла Герду за руку, яны зайшлі ў дамок, і старэнькая жана замкнула дзверы.

Вокны месціліся тут так высока, аж пад столлю, а шыбкі ў іх былі чырвоныя, сінія і жоўтыя; дзённае святло так дзіўна зіхацела там усімі колерамі, а на стале стаялі найцудоўнейшыя вішні, і Герда ела, колькі жадала, бо было можна. І пакуль яна ела, старэнькая жана расчэсвала яе валасы залатым грабеньчыкам, і валасы кучаравіліся і надта дзівосна свяціліся золатам вакол прыветнага тварыка, які быў такі кругленькі і так падобны да ружы.

«Якраз гэткую мілую дзяўчынку я даўно хацела мець, — сказала старая. — От убачыш, як мы ўдзвюх добра зладзім!» — і як яна ўсё расчэсвала малой Гердзе валасы, забывалася Герда больш і больш свайго названага брата Кая; бо старэнькая жана знала чарадзейства, але злою чараўніцаю яна не была, чаравала яна толькі трохі, дзеля ўласнае прыемнасці, а цяпер надта хацела пакінуць у сябе малую Герду. Таму выйшла яна ў сад, накіравала сваю кульбаку на ўсе ружавыя кусты, і тыя як дзівосна квітнелі, так усе і праваліліся ў чорную зямлю, і не знаць было, дзе яны стаялі. Старая баялася, што Герда, як убачыць ружы, згадае пра свае, і тады ўспомніць малога Кая, і ўцячэ ад яе.

Цяпер яна вывела Герду ў кветнік. Ах! Які тут быў водар, якая дабрыня! Усе мажлівыя кветкі і на ўсякую пару года стаялі тут у раскошным цвіценні; ніводная кніга з малюнкамі не магла б быць больш каляровай і харошаю. Герда скакала ад радасці і гуляла, пакуль сонца не зайшло за высокія вішнёвыя дрэвы, потым яе чакала цудоўная пасцелька з чырвонымі шаўковымі пярынамі, набітымі сінімі фіялкамі, і яна спала там і бачыла такія салодкія сны, як хіба што каралева ў дзень свайго вяселля.

Назаўтра яна магла зноў гуляць сярод кветак пад цёплым сонейкам — так прайшло шмат дзён. Герда знала кажную кветку, але, колькі б іх ні было, ёй усё ж здавалася, што нейкае не стае, адно ж не ведала якой. І вось сядзела яна аднаго дня і глядзела на кабецін сонечны капялюш з намаляванымі кветкамі, і якраз найхарашэйшаю з іх аказалася ружа. Старая забылася з капелюша яе сцерці, калі хавала іншыя пад зямлю. Але ж так здараецца, што часам не маем галавы на карку!

«Што! — усклікнула Герда. — Тут няма ніякіх ружаў!» — і кідалася паміж клумбамі, шукала і шукала, але нічога не знайшла; тады села яна і заплакала, а яе гарачыя слёзы падалі якраз туды, дзе праваліўся адзін ружавы куст, і, калі гарачыя слёзы прамачылі зямлю, выскачыў з яе той куст, такі квітучы, якім і праваліўся, і Герда абняла яго, цалавала ружы і ўспомніла пра цудоўныя ружы дома, а разам з імі і пра малога Кая.

«Ох, як я забавілася! — сказала дзяўчынка. — Я ж мела шукаць Кая! Ці не ведаеце вы, дзе ён? — спыталася яна ў ружаў. — Мяркуеце, ён памёр і яго няма?»

«Ён не памёр, — прамовілі Ружы. — Мы ж былі пад зямлёю, дзе ўсе памерлыя, але Кая там не было!»

«Дзякуй вам! — сказала малая Герда і пайшла да іншых кветак, зазірала ў іх вяночкі і пыталася: — Ці не ведаеце вы, дзе малы Кай?»

Але кажная кветачка стаяла сабе на сонейку ды летуценіла пра свае казкі ці гісторыі, пачула іх малая Герда так шмат, так шмат, але ніхто нічога не ведаў пра Кая.

І што сказала Агністая Лілея?

«Слухай бубен: „Бум! Бум!“ Гэта толькі два тоны, стала: „Бум! Бум!“ Слухай жалобную песню жанок! Слухай крык святароў! У сваіх доўгіх чырвоных шатах стаіць індуска на вагнішчы, полымя шугае вакол яе і яе памерлага мужа; але індуска думае пра жывога тут, у коле, таго, чые вочы палаюць гарачэй за полымя, таго, вагонь чыіх вачэй дасягае яе сэрца мацней, чым полымя, якое неўзабаве спаліць яе цела на попел. Ці можа полымя сэрца загінуць у полымі вагнішча?»

«Я ў тым зусім не кемлю!» — сказала малая Герда.

«Гэта мая казка!» — прамовіла Агністая Лілея.

Што апавядаў Павой?

«Над вузкаю горнаю дарогаю навісае старыжытны рыцарскі замак; густая вечназялёная расліна апляла старыя чырвоныя муры, лісток за лістком, аж да балкона, а там стаіць паглядная дзяўчына; яна перагінаецца цераз поручні і пазірае на дарогу. Ніводная ружа, што хіліцца з галін, не свяжэйшая за яе, ніводны яблыневы квет, калі вецер зносіць яго з дрэва, не трымціць больш за яе. Як шамацяць яе цудоўныя шаўковыя шаты! „Ці не ідзе ён?“»

«Ты маеш на ўвазе Кая?» — спытала малая Герда.

«Я апавядаю толькі сваю казку, пра сваю мару», — адказаў Павой.

Што гаварыў малы Падснежнік?

«Паміж дрэвамі вісіць на вяроўках доўгая дошка, гэта арэлі; дзве гожанькія дзяўчынкі — іх cукенкі белыя, як снег, доўгія зялёныя шаўковыя стужкі капялюшыкаў трапечуцца — сядзяць і гушкаюцца; брат, старэйшы за іх, стаіць на арэлях, зачапіўся за вяроўкі локцямі, бо ў вадной руцэ мае кубачак, а ў другой — гліняную трубачку, ён выдзімае мыльныя бурбалкі; арэлі гойдаюцца, і ўзлятаюць бурбалкі дзівосных, пераменлівых колераў; апошняя яшчэ вісіць на трубачцы і калыхаецца на ветры; арэлі гойдаюцца. Чорны сабачка, лёгкі, як мыльныя бурбалкі, падымаецца на дыбкі і хоча стаць на арэлі, тыя адлятаюць; сабака валіцца, брэша і крыўдуе; з яго пацвельваюць, бурбалкі лопаюцца — тое гойданне дошкі, той вобраз лопання шуму ёсць маёю песняю!»

«Дапэўна, тое дзівосна, што ты расказваеш, але прамаўляеш ты гэта так смутна і ўвогуле не згадваеш Кая. Што скажуць Гіяцынты?»

«Жылі тры цудоўныя сястры, такія паглядныя і далікатныя; адна мела чырвоныя шаты, другая — сінія, а трэцяя — бялюткія; рука ў руку яны танцавалі ля ціхага возера ў ясным святле месяца. Яны не былі віламі, яны былі людскімі дзецьмі. Там пахла так соладка, і дзяўчаты зніклі ў лесе; водар узмацніўся; тры труны, у якіх ляжалі паглядныя дзяўчыны, слізганулі з ляснога гушчару на возера; святлякі лёталі вакол іх, зіхцелі і трымцелі як агеньчыкі. Спяць дзяўчаты, што танцавалі, ці памерлі? Водар кветак кажа, што яны нябожчыцы; вячэрні звон бомкае па мёртвых!»

«Ты нагнаў на мяне такога смутку, — сказала малая Герда. — Ты пахнеш так моцна; і я мушу думаць пра мёртвых дзяўчат! Ах, няўжо малы Кай памёр? Ружы былі пад зямлёй, і яны кажуць, што не!»

«Дзынь-дон! — зазвінелі званочкі Гіяцынтаў. — Мы не бомкаем па малым Каі, мы яго не знаем! Мы проста пяём песню, адзіную, што ўмеем!»

І падышла Герда да Кураслепу, які ільсніўся скрозь зыркае зялёнае лісце.

«Ты, яснае сонейка! — прамовіла Герда. — Скажы мне, калі ведаеш, дзе я магу знайсці майго брата, з якім гуляла?»

І Кураслеп бліснуў так хораша і зірнуў на Герду. Якую песню мог пець Кураслеп? Яна тож была не пра Кая.

«На невялікую сядзібу так горача свяціла Панава сонейка ў першы дзень вясны; промні слізгалі па суседскай белай сцяне, усутыч да яе раслі першыя жоўтыя краскі, ільсніліся золатам у цёплых промнях сонца; старэнькая бабуля сядзела ў двары на сваім крэсле, унучка, бедная гожая служанка, зайшлася на хвілінку дамоў адведаць яе; яна пацалавала бабулю. Гэта было золата, золата сэрца ў добраславёным пацалунку. Золата ў вуснах, золата на зямлі, золата ўгары ранічкою! Бач, гэта мая гісторыйка!» — сказаў Кураслеп.

«Мая бедная бабуля! — уздыхнула Герда. — Але, яна напэўна нудзіцца без мяне, бядуе па мне, як і па малым Каі. Але я скора вярнуся дадому і прывяду з сабою Кая. Не памагае пытацца ў кветак, яны ведаюць толькі свае песні, не гавораць мне вестак!» — і тады падхапіла яна падол свае сукеначкі, каб шпарчэй бегчы; але Нарцыс сцебануў яе па назе, калі яна пераскоквала цераз яго; таму спынілася яна, паглядзела на цыбаты жоўты квет і спытала: «Мабыць, ты нешта ведаеш?» — і яна схілілася да Нарцыса. І што ж ён сказаў?

«Я бачу сябе! Я бачу сябе! — усклікнуў Нарцыс. — Ох, ох, як я пахну! У паддашкавым пакойчыку, напаўадзетая, стаіць маленькая танцорка, стаіць то на вадной назе, то на дзвюх, папіхае ўвесь свет, яна толькі ілюзія зроку. Яна ліе ваду з чайніка на кавалак тканіны, які дзяржыць, гэта гарсэт. Чысціня — добрая рэч! Белая сукенка вісіць на гачку, яе тож яна мые з чайніка і сушыць на даху; надзявае яе, а шафранава-жоўтую хусцінку — на шыю, так сукенка выглядае проста бялюткаю. Ножку ўверх! Глянь, як яна высіцца на сцяблінцы! Я бачу сябе! Я бачу сябе!»

«Мяне гэта ані не рупіць! — сказала Герда. — Няма патрэбы мне гэта апавядаць!» — а потым пабегла ў канец саду.

Брамка была замкнута, але дзяўчынка торгала ржавую засаўку, пакуль тая не паддалася, і брамка разнасцежылася, і тады малая Герда проста басанож пабегла ў белы свет. Яна тройчы азірнулася, але ніхто за ёю не ішоў; урэшце яна не магла ўжо бегчы і села на вялікі камень, а як разгледзелася на бакі, заўважыла, што лета скончылася, была позняя восень, гэтага зусім не адчувалася там, у цудоўным садзе, дзе заўсёды было сонца і кветкі ўсякае пары года.

«Божа! Як жа я забавілася! — сказала малая Герда. — Ужо настала восень! Тады я не мушу адпачываць!» — і яна паднялася ісці.

Ох, як жа яе ножкі балелі і стамляліся, а навокал было холадна і волка! Доўгія вярбовыя лісточкі зусім зжаўцелі, і смуга сцякала з іх капкамі, адзін лісток ападаў за другім, толькі цёрн стаяў з пладамі, надта ж даўкімі, ад іх так вязала ў роце. Ох, як шэра і цяжка было на гэтым вялікім свеце!

Працяг будзе.
Пераклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік.