Снежная каралева

Другая гісторыя.

Хлопчык і дзяўчынка

 

У вялікім месце, дзе гэтулькі дамоў і людзей, што не застаецца досыць прасторы, каб усякі чалавек мог мець садочак, і таму большасць мусяць цешыцца адно з кветак у вазонах, жылі двое бедных дзяцей, якія мелі садочкі трохі большыя за вазоны. Яны не былі братам і сястрой, але шанавалі адно другога так моцна, як імі былі. Бацькі іх жылі проста напроці адныя адных; жылі яны ў паддашкавых пакойчыках; там, дзе дах аднаго дома сыходзіўся з суседнім і рыншток ішоў уздоўж карнізаў, што выступалі пад акенцамі кажнага дома; таму досыць было проста пераступіць рыну, каб здолець перайсці ад аднога вакна да другога.

Абедзве сям’і мелі звонку па вялікай драўлянай скрыні, а ў іх расла зеляніна, якую яны спажывалі, і невялікія ружавыя кусты; па адным у кажнай скрыні, раслі яны добраславёнымі. Аднойчы бацькі змеркавалі, як паставіць скрыні ўпоперак рыны, каб тыя амаль сягалі ад аднога вакна да другога і выглядалі досыць маляўнічымі, як два кветнікі. Вусікі гароху звісалі цераз краі скрыняў, а ружавыя кусты выпусцілі доўгія галіны, якія перапляталіся вакол вокнаў і хіліліся наўзаем: гэта была амаль што трыумфальная арка з зеляніны і кветак. Скрыні былі вельмі высокія, і дзеці ведалі, што нельга на іх узлазіць, але ім часта дазвалялі хадзіць адно да аднаго, сядзець на зэдліках пад ружамі, і гулялі там яны надта ж дзівосна.

Узімку, ведама, па гэтай забаве было ўсё. Вокны часта зусiм замярзалі, але дзеці награвалі на печы медныя манеты, прыкладалі тыя гарачыя скілінгі да замерзлых шыбаў, i тады з’яўляўся цудоўны прасвет, такі кругленькі, такі кругленькі; а праз яго глядзела добраславёнае ласкавае вочка, адно з кажнага вакна; гэта былі хлопчык і дзяўчынка. Яго звалі Кай, а яе звалі Герда. Улетку яны адным скокам маглі дабрацца адно да другога, узімку мусілі спярша ісці па многіх прыступках долу, а потым па многіх прыступках угору; а на дварэ кружыў снег.

«Гэта рая́цца белыя пчолкі», — гаварыла старэнькая бабуля.

«Яны тож маюць пчаліную каралеву?» — папытаўся хлопчык, бо ён ведаў, што запраўдныя пчолкі маюць такую.

«Маюць! — сказала бабуля. — Яна лётае там, дзе яны рая́цца гусцей за ўсё! Яна найбольшая з іх усіх і ніколі спакойна не застаецца на зямлі, а зноў узлятае ў чорную хмару. Зімовымі начамі яна часта пралятае па вуліцах места і зазірае ў вокны, і тады яны так дзівосна замярзаюць, як кветкі».

«Але, мы іх бачылі!» — загаварылі абое дзяцей, і праз тое яны ведалі, што ўсё гэта праўда.

«А ці можа Снежная каралева зайсці сюды?» — папыталася дзяўчынка.

«Няхай толькі прыйдзе, — сказаў хлопчык, — тады я пасаджу яе на гарачую печ, і яна растане».

Але бабуля пагладзіла яго па валасах і расказала іншыя гісторыі.

Увечары, калі малы Кай быў дома і амаль раздзеўся спаць, ён узлез на крэсла пад акном і зазірнуў у невялічкі прасвет; звонку праляцелі некалькі сняжынак, і адна з іх, самая вялікая, засталася на краі кветкавае скрыні; сняжынка расла і расла, пакуль урэшце не сталася з яе жана, ахутаная танюткім белым вэлюмам, нібыта сатканым з мільёнаў снежных зорачак. Яна была такая паглядная і шыкоўная, але з лёду, сляпучага, зіхатлівага лёду, адно ж яна была жывою; вочы яе ззялі, як дзве яркія зоркі, але не было ў іх спакою і лагоднасці. Яна кіўнула да вакна і павабіла рукою. Хлопчык злякнуўся і саскочыў з крэсла, і тут за вакном як праляцела вялікая птушка.

Назаўтра быў добры марозец — а там і вясна прыйшла, засвяціла сонейка, распусціліся пупышкі, ластаўкі будавалі гнёзды, вокны расчыніліся, і дзеткі зноў сядзелі ў сваім садочку ўгары каля рынштока над усімі паверхамі.

Ружы тым летам квітнелі непараўнана; дзяўчыначка вывучыла псальму, і ў ёй тож ішлося пра ружы, і, пяючы пра тыя ружы, яна мела на ўвазе свае; і яна спела гэта хлопчыку, а ён падпяваў:

Ружы ў далінах усцяж расцвітаюць,

Езус-дзіцятка нас там прывітае.

І малыя трымаліся за рукі, цалавалі ружы, і глядзелі на Божае яснае сонейка, і гаварылі з ім, нібы дзіцятка Езус было там. Якія цудоўныя былі тыя летнія дні, як добраславёна было на дварэ каля свежых ружавых кустоў, якія, здавалася, ніколі не перастануць квітнець.

Кай і Герда сядзелі і разглядалі кнігу з малюнкамі — з жывёламі і птушкамі, раптам, калі гадзіннік на высокай царкоўнай вежы прабіў акурат пяць, Кай усклікнуў: «Ой! Мне кальнула ў сэрца! А зараз мне нешта трапіла ў вока!»

Дзяўчынка абхапіла яго за шыю; ён паміргаў вачыма; не, здаецца, там нічога не было відаць.

«Мяркую, ужо вылецела!» — сказаў ён; але яно не вылецела. Гэта была ўласна такая шкляная дробачка, што адбілася ад люстэрка, люстэрка чараўніка — мы пра яго пэўна ж помнім, — ад брыдкага шкла, якое рабіла ўсё вялікае і добрае, што ў ім адлюстроўвалася, маленькім і агідным, але зло і ліха якраз выступалі наперад, і кажная загана ў рэчы адразу рабілася прыкметнаю. Небарака Кай, ён жа яшчэ атрымаў аскепак і ў самае сэрца. Неўзабаве яно станецца як кавалак лёду. Цяпер яно больш не балела, але аскепак быў там.

«Чаго ты кныхаеш? — спытаўся Кай. — Ты выглядаеш такою брыдкаю! Са мною ж нічога кепскага не здарылася! Тху! — закрычаў ён раптам: — Ружу точыць чарвяк! І глядзі, тая ж зусім крывая! Гэта ўвогуле нейкія агідныя ружы! Гэткія самыя, як тыя скрыні, у якіх яны сядзяць!» — а потым ён моцна ўдарыў па скрыні нагой і сарваў дзве ружы.

«Каю, што ты робіш!» — усклікнула дзяўчынка; і калі ён убачыў яе спалох, сарваў яшчэ адну ружу і ўцёк праз сваё вакно ад добраславёнае малое Герды.

Калі потым яна прынесла кніжку з малюнкамі, ён сказаў, што тая для немаўлят, а калі бабуля апавядала гісторыі, ён заўсёды прыходзіў з нейкім «але» і ўвогуле — мог хадзіць следам за ёю, як яна, надзяваў акуляры і гаварыў, як яна; гэта было даволі дакладна, і тады людзі смяяліся. Неўзабаве ён умеў гаварыць і хадзіць, як усе людзі з усяе вуліцы. Кай ведаў, як выставіць напаказ усё, што было ў іх адметным і нягожым, і тады люд меркаваў: «От жа выдатная галава ў хлопца!» — але гэта было шкло, што заляцела ў яго вока, шкло, што засела ў яго сэрцы, таму ён дражніў нават малую Герду, якая любіла яго ўсёю душою.

Яго гульні цяпер былі зусім іншымі, ніж раней, такімі разумовымі: аднаго зімовага дня, калі кружылі сняжынкі, ён прыйшоў з вялікім запальным шклом, выставіў крысо свайго сіняга палітончыка вонкі і напусціў на яго сняжынак.

«А цяпер паглядзі праз шкло, Герда!» — сказаў ён; кажная сняжынка надта павялічылася і выглядала як цудоўная кветка альбо дзесяціканцовая зорка; яны здаваліся чароўнымі.

«Ты бачыш, якое штукарства! — гаварыў Кай. — Гэта куды цікавей, чым з запраўднымі кветкамі! І сняжынкі не маюць аніводнае заганы, яны даволі дакладныя, каб жа ж яны не раставалі!»

Крыху пазней Кай прыйшоў у вялікіх рукавіцах і з санькамі на плячах, ён крыкнуў Гердзе ў самае вуха: «Мне дазволілі пакатацца на вялікім пляцы, дзе гуляюць і другія!» — і патуль-таго і быў.

Там, на пляцы, самыя дзёрзкія хлапчукі часта прывязвалі свае санькі да сялянскіх саней і потым кацілі за імі ладны адцінак дарогі. Вясёласць так і віравала. Якраз калі яны надта ж былі разгуляліся, прыехалі вялікія сані; яны былі цалкам памаляваны белым, і ў іх сядзеў нехта, захутаны ў калматае белае футра і ў калматай белай шапцы; сані двойчы аб’ехалі кругом пляца, і Кай спрытна прывязаў да іх свае санькі і пакаціў за імі. Яны ехалі хутчэй і хутчэй проста на суседнюю вуліцу; той, хто правіў, павярнуў галаву і так прыязна кіўнуў Каю, нібы яны былі знаёмыя; кажны раз, калі Кай хацеў адвязаць свае санькі, постаць ізноў ківала, і тады Кай заставаўся сядзець; так яны наўпрост выехалі з мескіх варот. І тут паваліў такі снег, што хлопчык не мог разгледзець свае выпрастанае рукі, але ён імчаў далей, потым ураз пусціў вяроўку, каб вызваліцца ад вялікіх саней, але гэта не памагло, яго санькі былі трывала зачэплены, і ён паехаў з хуткасцю ветру. Тады ён закрычаў даволі моцна, але ніхто яго не пачуў, а снег валіў, а сані імчалі; часам яны падскоквалі, нібы ляцелі цераз канавы і платы. Ён быў надта спалоханы, хацеў прачытаць «Ойча наш», але здолеў успомніць толькі табліцу множання.

Снежныя камякі большалі і большалі, і ўрэшце яны выглядалі як вялікія белыя куры; раптам яны адскочылі ўбок, вялікія сані спыніліся, і асоба, што ехала ў іх, устала, яе футра і шапка былі з аднаго снегу; гэта была пані, такая высокая і зграбная, такая бялюткая, гэта была Снежная каралева.

«Добра ж мы праехаліся! — прамовіла яна. — Але каб ты не змерз! Улазь у маё мядзведжае футра!» — і яна пасадзіла яго ў сані побач з сабою, абгарнула футрам, і ён як занурыўся ў сумёт.

«Ты яшчэ мерзнеш?» — спыталася яна і пацалавала яго ў лоб. Ух! Гэта было халадней за лёд і пайшло проста ў яго сэрца, якое ж ужо напалову было кавалкам лёду; яму здалося, што ён памрэ, — але толькі на імгненне, потым яму зрабілася надта добра; ён больш не адчуваў вакол сябе холаду.

«Мае санькі! Не забудзься на мае санькі!» — гэта было першае, пра што ён успомніў; і тады яны прычапіліся да аднае белае курыцы, і яна паляцела ззаду з санькамі на спіне. Снежная каралева пацалавала Кая яшчэ раз, і тут ён забыўся пра малую Герду, і пра бабулю, і пра ўсіх дома.

«Ужо больш цябе не пацалую! — сказала яна. — А то зацалавала б цябе насмерць!»

Кай глядзеў на яе, яна была такая гожая; больш разумнага, больш цудоўнага твару, чым у яе, ён не мог сабе ўявіць, цяпер яна не здавалася падобнаю на лёд, як тады, калі сядзела за вакном і махала яму; у яго вачах была яна дасканалаю, ён пачуваўся зусім безбаязна, расказаў ёй, што ўмее лічыць у галаве, нават дробы, ведае, колькі квадратных міль мае кажная краіна і колькі там насельнікаў, а яна заўжды ўсміхалася; тады яму здалося, што таго, што ён ведае, усё ж нядосыць, і ён зірнуў угару, у агромністую паветраную прастору, і Снежная каралева паляцела разам з ім, узляцела высока на чорную хмару, і бура свістала і раўла, нібы пела старадаўнія песні. Яны ляцелі над лясамі і вазёрамі, над морам і сухазем’ем; пад імі свістаў халодны вецер, ваўкі вылі, снег іскрыўся, над імі лёталі чорныя крыклівыя вароны, а ўгары над усім ззяў месяц, такі вялікі і ясны, і на яго Кай глядзеў усю тую даўжэзную зімовую ноч; днём спаў ён каля ног Снежнае каралевы.

Працяг будзе.
Пераклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік.