Ганс Крыстыян Андэрсэн
Першая гісторыя,
у якой ідзецца пра люстэрка і аскепкі
Ну, слухайце! Ужо пачынаем. Калі мы дабяромся да канца гісторыі, будзем ведаць больш, чым цяпер ведаем. Дык вось, жыў неяк злы чараўнік! Быў ён такі злосны, проста гатовы д’ябал! Аднаго дня ён надта ж цешыўся, бо вырабіў люстэрка, адметнасцю якога было, што ўсё добрае і харошае, якое ў ім адбівалася, змяншалася амаль на нішто, а ўсё нягоднае і брыдкае вылучалася наперад і рабілася ў ім яшчэ горшым. Цудоўныя краявіды там выглядалі як вараны шпінат, а найлепшыя людзі ў ім рабіліся агіднымі альбо стаялі дагары нагамі і не мелі жыватоў, твары ў ім так скрыўляліся, што іх няможна было пазнаць, а калі хто меў якую рабацінку, дык мог быць пэўны, што ў тым люстэрку яна распаўзецца на ўвесь нос і ўвесь рот. «Гэта надзвычай пацешна», — сказаў д’ябал. Цяпер кажная добрая, пабожная думка, што паяўлялася ў чалавеку, адбівалася ў люстэрку як гідкая міна, і чараўнік-д’ябал уволю насмяяўся з свае штукарскае вынаходкі. Усе тыя, хто хадзіў у школу чараўнікоў, бо ён меў школу чараўнікоў, расказвалі паўсюль, што здарыўся цуд; цяпер можна было ўпершыню ўбачыць, меркавалі яны, як свет і людзі выглядаюць узапраўды. Яны бегалі паўсюль з люстэркам, і ўрэшце не засталося ані краіны, ані чалавека, якія б у ім не скрывіліся. Тады захацелі яны самі ўзляцець і да Неба, каб пакпіць з анёлаў і Пана нашага. І чым вышэй яны з люстэркам узляталі, тым мацней яно строіла міны, аж яго ледзьве ўтрымвалі; вышэй і вышэй ляцелі яны, усё бліжэй да Бога і анёлаў; і тут так страшэнна затрэслася люстэрка ў сваёй насмешцы, што вырвалася з іх рук, паляцела далоў на зямлю, дзе разбілася на сотні мільёнаў, трыльёны і яшчэ незлічоную рэч аскепкаў, і ўласна яны нарабілі нашмат большае бяды, чым раней; бо некаторыя аскепкі былі ледзьве большыя за парушынку і разляцеліся скрозь па свеце, і ўсюды, дзе яны траплялі людзям у вочы, там і засядалі, і таму бачылі тады тыя людзі ўсё скрыўлена альбо бралі на вока толькі нейкія кепскія рэчы, бо кажная люстравая дробачка захавала тую самую сілу, якую мела цэлае люстэрка; некаторым людзям люстравыя часцінкі траплялі аж у сэрца, і тое было напраўду жахліва — сэрца тады рабілася як кавалак лёду. Некаторыя люстэркавыя абломкі былі такія вялікія, што іх можна было скарыстаць на шыбы; але праз такія шыбы не варта было глядзець на сваіх сяброў; іншыя кавалкі пайшлі на акуляры, і потым была бяда, калі людзі надзявалі тыя акуляры, каб праўдзіва бачыць і справядліва меркаваць; а злыдзень рагатаў аж за жывот браўся, як ад спраўнага казытання. Але шмат дробных люстэркавых аскепкаў яшчэ лётала ў паветры. Дык паслухаем цяпер, што было далей!
Працяг будзе.
Пераклад з дацкае мовы Валянціны Рашэтнік.