Страцілі вы, людзі, правільны панятак, які выказваў вашае стаўленьне да Бога. Тым паняткам было не «шанаваньне», было тое нешта большае за ўдзячнасьць, тое, што ўдавалася толькі адчуць. Той панятак быў знаёмы толькі даўней, у часох Атлянтыды, але і тады ня меў слоўнага выражэньня.
Ад вас не вымагалася словамі выказваць сваё стаўленьне да Бога, і ў тым няма патрэбы, уласна, і цяпер. Да Вышынь жа ідзе толькі вашае адчуваньне. Аднак тое даўняе, чыстае адчуваньне, якое выказвала вашае стаўленьне да Бога, вы страцілі.
Дзеля высьвятленьня тае падзеі мусім вярнуцца назад прыкладна на дваццаць мільёнаў гадоў, у даўнейшыя часы Атлянтыды.
Ужо адбыўся ваш заняпад у духоўнай галіне, а таксама ў галіне думак. На Зямлі інкарнаваў адзін цёмны дух. Сваё цёмнае адчуваньне і цёмныя думкі ён хацеў перанесьці і ў грубарэчыўнасьць, але ня ведаў як. Доўга, вельмі доўга разважаў, аж раз яму ўдалося сказіць слова самае ўзьнёслае, слова «Бог».
У мове, што тады ўжывалася, тое слова гучала «Gom». Той цёмны дух сказаў толькі «go». Грубарэчыўна тое амаль ніхто не заўважыў. Але ў думальным сьвеце адбылася дзіўная падзея. Узьнік вобраз некага, хто ўзвысіў сябе над Богам!
Ніхто, аднак, ня ведаў, чаму з выкасаваньнем аднае літары ўзьнік той вобраз. Аж праз доўгі час знайшоўся разьвязак. У стварэньне выйшаў праствораны рыцар з Замка Граля, каб на Зямлі ўлавіў тое слова і выявіў, які сэнс у зямным чыненьні яму надаюць цёмныя, што пачалі яго ўсюды ўжываць.
Рыцар выявіў той сэнс, хоць і не зразумеў яго. Яго дакладны зьмест быў: «Я большы за Бога» альбо «Я ядро Бога». Сёньня гэтае слова вы добра знаеце, толькі ў іншым слоўным выражэньні. Гэта слова «я».
Таму Бог вам кажа: «Я ёсьць!», бо адзіна Ён сьмее сказаць, што ёсьць Богам!
Слоўца «я» так прыжылося паміж людзьмі, што зусім выцесьніла выточнае пазначэньне ўласнае асобы. Насуперак таму, яшчэ і сёньня вы можаце з тым сустрэцца ў дзяцей, пакуль у іх яшчэ не занадта праяўляецца расьпешчаны розум. Гэта тыя выпадкі, калі дзеці называюць сябе ўласным імем.
Ужываньне слоўца «я» ў гэтым дачыненьні яшчэ не было б найгоршым. Нашмат горшае тое, што яго ўжываньне праз тысячагодзьдзі так адціснула на задні плян выточнае адчуваньне, якое выказвае вашае стаўленьне да Бога, што вы яго ўжо ня знаеце! Перадусім таму, што тое слова было першаснаю прычынаю зьмены вашага мозгу. Адзіна тыя, чые мазгі былі ў правільнай прапорцыі, зналі тое адчуваньне. У іншых гэта няможна, як бы яны ні хацелі! Рэч у тым, што тое адчуваньне найвышэйшае, чаго чалавек можа дасягнуць, і вымагае і праз грубарэчыўную старану чалавека перанесьці гэтае цалкам падрыхтаванае адчуваньне ў рэчыўнае.
Аднак дзеля таго патрэбна поўная сіла задняга мозгу. А як вы сёньня ня толькі ня маеце правільных прапорцый мозгу, але і вашыя целы карлікавыя, тое ўвогуле няможна. Тыя, у каго гэтае адчуваньне палымяна адбіта ў духу, заўжды пакутавалі. І Сын Божы Езус ня быў выняткам.
Тое адчуваньне стварае магутны ціск, і кажны, хто яго знае, пакутуе, бо ведае, што тое адчуваньне магло б прынесьці пераломныя зьмены, але ён яго ня можа аддаваць. Пакутуе і таму, што ўнутры ён напоўнены нечым зусім іншым, ніж чым напоўнены людзі ў яго асяродзьдзі. Пакутуе і таму, бо адчувае, што адзіна поўнае праяўленьне таго адчуваньня магло б паказаць людзям, які хто ўласна ёсьць.
Калі браць дакладней, кажны чалавек такі, якое яго стаўленьне да Бога, у ісьце яно выяўляецца тым адчуваньнем. Пакуль яно цячэ на ўсю моц, ніхто ня здольны ўдавацца нават у грубарэчыўнасьці. Тое мажліва толькі тады, калі розум заняў месца гэтага адчуваньня.
Вось адзінае праўдзівае талкаваньне супярэчнасьці паміж адчуваньнем і розумам, бо першым розум заглушыў у ісьце гэтае адчуваньне. Заглушэньне ўсіх астатніх адчуваньняў было толькі наступнасьцю. Аднак яны ў разе правільнае чыннасьці мозгу могуць праявіцца і ў сучаснасьці.
Па заглушэньні праўдзівага адчуваньня да Бога розум быў змушаны шукаць нешта, каб яго ўяўна замяніць. То бо людзі, якія яго яшчэ ня зналі, адчувалі яго ў іншых і натуральна яго прагнулі. Розум хутка знайшоў замену — пачуцьцё ўдзячнасьці. Людзі былі задаволеныя, а розум трыюмфаваў. Месца найвышэйшага адчуваньня заняло звычайнае пачуцьцё! Хто быў за розумам схаваны, тое ведаеце самі.
Аднак з часам і таго пачуцьця не ставала, каб далей занявольваць душу. Пачуцьцё ўдзячнасьці яшчэ досыць чыстае. І пакуль людзі жылі ў Атлянтыдзе, цемры не ўдавалася ў тым нічога зьмяніць. Аж па зыходзе людзей, у тых, што пайшлі, удалося і гэтае пачуцьцё ўдзячнасьці адціснуць на задні плян. Пазьней некаторыя іх нашчадкі вярнуліся назад у Атлянтыду.
Іх прыход выклікаў зьбянтэжанасьць. Яны былі малыя ростам, і вельмі скараціўся іх век. Тады цемры амаль удалося паставіць мат. Карэнных жыхароў Атлянтыды яна пераканала ў думцы, што яны мусяць быць нечым большым за тых маленькіх! Гэтая думка потым прывяла да пачуцьця шанаваньня сябе самога!
Аднак тое нельга было паказваць зусім адкрыта, таму людзі шукалі прыдатную форму, каб тое выглядала інакш і ўсё ж каб кажны адчуваў, пра што ідзецца, нават калі ня мог тое выказаць. Такую форму ім удалося знайсьці — узьнікла шанаваньне Бога. У запраўднасьці ў храмах людзі пачалі выстаўляць самі сябе. Вось галоўная прычына, чаму Атлянтыда была патоплена.
Некаторым зь іх удалося ўчас пайсьці з Атлянтыды. Яны прыйшлі ў іншыя часткі Зямлі, дзе знайшлі малых людзей. Тыя глядзелі на іх як на нешта нябачанае. Прыхадні надужылі тым і проста назваліся «багамі». Многія сагі, міты ці іншыя рудымэнты расказваюць пра тую мінуласьць.
Прыхадні бязьлітасна ліквідавалі тых, хто не хацеў іх ушаноўваць, так узьніклі першыя крывавыя ахвяры. Шанаваньне паступова перайшло на ўсё. Калі ж ім зрабілася мала, што шануюць іх, яны загадалі шанаваць храмы, пазьней — аздобы, і так гэта ішло далей. Шанаваньне паступова ўкаранілася так глыбока, што яшчэ і сёньня ўважаецца за нешта найвышэйшае. —
Уяўна ў вас гэтым адбіраецца вельмі многа. Але толькі ўяўна, бо даецца вам больш, ніж вы здольныя ўявіць. — —
Слова «пашана» тож мае выток у даўнейшым атлянцкім слове «Gom». Яго зьмяненьнем узьнікла словазлучэньне «go om», то бо «Мяне шануйце!».
Ва ўсходніх культурах абодва словы злучэньня «go om» ведамыя да сёньня. Слоўца «go» азначае лягічную гульню, дзе важна перамагчы, а слоўца «om» выяўляе мантру так званага касьмічнага пазнаньня, якое, аднак, вядзе да высоўваньня духаў у сярэднюю грубарэчыўнасьць з усімі ведамымі наступнасьцямі.[1]
[1] Выклад «Акультызм, магія, гіпноз».
—
Кнігу «Людзям» можна вольна сьцягваць і шырыць.